Ян Дамінік
10 лютага 1912 г. каля Клецку нарадзіўся Ян Дамінік (Дзяменьнік), дзеяч беларускай дыяспары ў Брытаніі, мэцэнат.
Скончыў Клецкую беларускую гімназію, а потым працягваў навучаньне ў Баранавічах і Вільні. У часе Другой Сусьветнай Вайны працаваў у беларускай адміністрацыі ў Клецку. Улетку 1944 г. выехаў на эміграцыю ў Нямеччыну, адкуль прыбыў у Вялікую Брытанію.
Пасяліўшыся ў Лёндане, займаўся будаўніцтвам, стварыў пасьпяховую фірму ў сфэры нерухомасьці, якая валодала некалькімі будынкамі ў самых прэстыжных раёнах гораду.
У 1993 г. Ян Дамінік бясплатна перадаў кансуляту і амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Лёндане адзін са сваіх дамоў па адрасе 1 St Stephen’s Crescent, Bayswater, London W2 5QT. Аднак, пасьля незаконнага “рэфэрэндуму” 1995 г. ягоная ўдава папрасіла амбасаду вызваліць памяшканьне.
Уваходзіў у Раду апекуноў і быў актыўным фундатарам Скарынаўскай бібліятэкі у Лёндане. Памёр у пачатку 1995 г., пахаваны на Kensal Green cemetery у Лёндане.
На фота – Ян Дамінік (крайні справа) з а. Львом Гарошкам і а. Аляксандрам Надсанам, 1970 г.