Янка Сурвілла
20 чэрвеня 1925 г. у Смаргонскім раёне нарадзіўся Янка Сурвілла, сябра Рады БНР у выгнаньні, беларускі грамадзкі дзеяч.
Ужо ў 1942 г., у 17-гадовым узросьце, Янка Сурвілла ўзначальваў пачатковую беларускую школу, якая была потым спалена савецкімі партызанамі.
Пасьля вайны ён апынуўся ў эміграцыі, спачатку ў лягеры перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце, дзе заснаваў сваё выдавецтва. Потым Я. Сурвілла эміграваў у Францыю.
З 1947 году састаяў у Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі ў выгнаньні. У 1948 годзе ў Парыжы ён быў абраны сакратаром Сусьветнай Арганізацыі Беларускай Эміграцыі. Да 1952 г. ён выдаваў Бюлетэнь САБЭ.
Янка Сурвілла атрымаў стыпэндыю Мадрыдзкага ўнівэрсытэта і скончыў эканамічны факультэт з тытулам магістра.
Адначасова з навучаньнем ён арганізоўвае беларускамоўныя перадачы на Гішпанскім радыё. 25 сакавіка 1952 ён выходзіць у этэр зь першай скіраванай на Беларусь перадачаю. Штодзённыя беларускія радыёперадачы выходзяць на Гішпанскім радыё ў 1958—65 гг. дзякуючы працы Янкі Сурвіллы, які дзеля гэтага перарваў працу над дысэртацыяй, і ягонай жонкі Івонкі Сурвіллы.
Пазьней сям’я пераехала ў Канаду, дзе Янка Сурвілла таксама актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім і палітычным жыцьці. У якасьці старшыні атаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады ён прадстаўляў беларусаў ува ўсіх палітычных міжэтнічных мерапрыемствах у канадзкай сталіцы.
У 1993 годзе зноў наведаў Беларусь, удзельнічаў у Першым Зьезьдзе беларусаў сьвету.
Захапляўся мастацкай фатаграфіяй, стварыў галерэю партрэтаў беларускіх дзеячоў на чужыне, у тым ліку вядомы партрэт Натальлі Арсеньневай.
Памёр у 1997 годзе.