Янка Жучка
15 красавіка 1928 г. у Нясьвіскім павеце нарадзіўся Янка Жучка, радны БНР, беларускі грамадзкі дзяяч у Бэльгіі, інжынэр і журналіст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Заходняй Беларусі, акупаванай Польшчаю. У часе нямецкай акупацыі навучаўся ў сярэдне-тэхнічнай школе ў Клецку. Як і бальшыня вучняў гэтае школы, браў актыўны ўдзел у Саюзе беларускай моладзі, Беларускай народнай самапомачы. У 1944 годзе, за месяц да сканчэньня апошняга чацьвертага курсу, выехаў у Нямеччыну.
У канцы 1945 г. паступіў у Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. Атрымаў атэстат сталасьці, у 1947 здаў экзамэны ў Вышэйшую тэхнічную школу (па-нямецку: Technische Hochschule) у Карлсруэ.
З прычыны немагчымасьці паступленьня праз абмежаваную колькасьць вакансіяў і перадачу першынства колішнім нямецкім жаўнерам, Я. Жучка і яшчэ дзесяць маладых беларусаў вырашылі выехаць на працу у Вялікабрытанію. Яны заарганізаваліся ў групу, якая пад назвай «Дванаццаткі» неўзабаве здабыла вядомасьць на эміграцыі. У часе знаходжаньня ў гэтай краіне дапамагаў сябрам з «Дванаццаткі» выдаваць часопіс «Наперад», браў актыўны ўдзел у Згуртаваньні беларусаў у Вялікабрытаніі.
У 1950 г. дзякуючы намаганьням Рады БНР атрымаў стыпэндыю для навучаньня ў Лювэнскім каталіцкім унівэрсытэце. Падчас навучаньня браў актыўны ўдзел у нацыянальным беларускім руху: быў сябрам Саюзу беларусаў Бэльгіі, удзельнічаў у студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага, а таксама ў танцавальным гуртку пад кіраўніцтвам студэнткі Людмілы Рагулі.
У 1951 г. скончыў політэхнічны факультэт з дыплёмам інжынэра-будаўніка. Спачатку займаўся ў Бэльгіі сталёвымі канструкцыямі, а з 1968 г. працаваў у інфармацыйным цэнтры сталёвай прамысловасьці. Зрабіўся спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцыяў эўрапейскага маштабу.
У 1968—1985 гг. быў на выдавецкай працы. Да 1971 зьяўляўся тэхнічным рэдактарам, потым займаў пасаду галоўнага рэдактара ў сусьветна вядомым часопісе «Acier-Stahl-Steel». Апублікаваў вялікую колькасьць артыкулаў з пытаньняў сталёвых канструкцыяў. Чытаў лекцыі, браў удзел у канфэрэнцыях інжынэраў і архітэктараў. З 1985 г. быў дарадцам, удзельнічаў у журы пры выпуску архітэктараў.
На працягу ўсяго гэтага часу Я. Жучка заставаўся актыўным удзельнікам беларускага грамадзкага жыцьця як сябра БНР, Саюзу беларусаў у Бельгіі, сталы аўтар газэты «Беларус». Вернік беларускай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпэне.
Меў трох сыноў. Памёр у 2010 годзе.