Юрка Лістапад
7 красавіка 1897 г. на Случчыне нарадзіўся Юрка Лістапад – беларускі пэдагог, публіцыст, грамадзкі дзеяч, удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну, забіты ў ГУЛАГу.
Нарадзіўся ў сям’і сялян. У 1914 годзе скончыў выкладчыцкую сэмінарыю ў Паневежы, працаваў у школе на радзіме, затым у Слуцку.
З дапамогаю іншых актывістаў нацыянальнага руху стварыў восем беларускіх школ.
У 1920 годзе – удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну. Пасьля паразы паўстаньня пераехаў у Вільню, дзе ўвайшоў у арганізацыю “Нацыянальная сувязь”, супрацоўнічаў з газэтамі “Еднасьць”, “Беларускія Ведамасьці”, “Наша думка”.
У 1922 вярнуўся ў Слуцак, які знаходзіўся ў складзе БССР. Настаўнічаў, у 1923—1925 гадох працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных пэдагагічных курсах, дзе блізка сышоўся зь Якубам Коласам. У сярэдзіне 1920-х гадоў працаваў стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР.
У 1922-25 у Слуцку на базе агульнаадукацыйных курсаў склалася нелегальнае моладзевае кола, якое ставіла за мэту адраджэньне беларускай мовы, прапаганду беларускай культуры. Зь цягам часу арганізацыя набыла антысавецкія рысы. “Падпольшчыкі” выдавалі рукапісны часопіс “Наша слова”, а таксама адозвы, дзе заклікалі змагацца з савецкай уладай.
Органы бясьпекі зацікавіліся ўлёткамі й у 1925 арыштавалі ўдзельнікаў акцыі, у т.л. Ю.Лістапада, якому інкрымінавалася кіраўніцтва арганізацыяй. У сакавіку 1926 у Менску адбыўся суд над удзельнікамі групы, якіх асудзілі на тэрміны пакараньня ад 1 да 5 гадоў. Ю. Лістапад быў асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ю. Лістапад быў вызвалены праз два гады, у лістападзе 1927 г. Даўгі час ня мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як “вольны перакладчык” у Белдзяржвыдавецтве.
Зноў арыштаваны летам 1930 г. па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”, вызвалены празь некалькі месяцаў.
У ліпені 1933 году перасяліўся ў Ржэў (Расея), працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту.
У кастрычніку 1933 арыштаваны па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”, у студзені 1934 асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлягер ОГПУ Далёкаўсходняга краю (г. Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва.
У жніўні 1935 на яго была заведзеная крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 “тройкай” НКВД за «антысавецкую агітацыю сярод зьняволеных» прыгавораны да расстрэлу.
Па прысудах 1934 і 1938 гадоў рэгабілітаваны 18 красавіка 1956 году. Групавая справа Ю. Лістапада і іншых (№ 10182-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) спыненая 16 жніўня 1956 года пастановай КДБ БССР.
Быў жанаты, меў дзіця.