Кіпрыян Кандратовіч
28 красавіка 1859 г. у Лідзкім павеце нарадзіўся Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч – беларускі і расейскі вайсковы дзеяч, генэрал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
Вучыўся ў Лідзкай павятовай дваранскай школе, вайсковую службу пачаў у 1875 г. у Вільні.
Удзельнічаў у Расейска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадэрскага корпуса. Празь некалькі год пасьля вайны, падчас навучаньня ў акадэміі, напісаў кнігу “Плеўна і грэнадэры 28 лістапада 1877 г.”, якая атрымала шырокі розгалас і добра вядома гісторыкам Расейска-турэцкай вайны 1877-78 гг.
Удзельнічаў у кітайскай кампаніі 1900 г. і ў Расейска-японскай вайне. У 1900 г. з фармулёўкай “за баявыя адзнакі”, раней тэрміну, Кандратовічу нададзены ранг генэрал-маёра. 20 жніўня 1904 г. за баявыя адзнакі ў ходзе Расейска-японскай вайны яму нададзены ранг генэрал-леўтэнанта, зноў датэрмінова. У часе вайны зь Японіяй паранены, узнагароджаны Ордэнам сьв. Георгія 4-й ступені.
У міжваенны час займаў высокія вайсковыя пасады ў Беларусі, Туркестане і на Каўказе.
06.12.1910 г. Кандратовічу нададзены ранг генэрала ад інфантэрыі (поўны генэрал), найвышэйшы вайсковы ранг Расейскай Імпэрыі ў мірны час.
За 42 гады службы ў расейскім імпэратарскім войску Кіпрыян Кандратовіч быў узнагароджаны амаль усімі выйшымі ордэнамі Расейскай Імпэрыі:
- Сьв. Станіслава 3-й ст. (1885);
- Сьв. Ганны 3-й ст. (1891);
- Сьв. Станіслава 2-й ст.(1896);
- Сьв. Ганны 2-й ст. (1899);
- Сьв. Уладзіміра 3-й ст. зь мячамі(1902);
- Сьв. Станіслава 1-й ст. зь мячамі(1904);
- Сьв. Ганны 1-й ст. зь мячамі(1905);
- Залатая зброя (1906);
- Сьв. Георгія 4-й ст.(17.07.1906);
- Сьв. Уладзіміра 2-й ст. (04.06.1909; 03.07.1909);
- Белага Арла (06.12.1912).
У часе Першай Сусьветнай вайны камандаваў корпусам у складзе арміі генэрала Самсонава.
У 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На зьездзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. Генэрал узяў на сябе працу па фармаваньні беларускіх палкоў на Заходнім фронце.
Захаваўся вершаваны наказ беларускім жаўнерам ад імя генэрала Кандратовіча:
Не заб’юць Пагоню і ня спыняць.
І Беларусь не запалоняць,
Ня зьнішчаць нас, не забароняць,
Жаўнеры ёсьць. Ёсьць ваяры.
Ёсьць абаронцы.
У 1918 годзе разам зь іншымі сябрамі Менскага Беларускага Народнага прадстаўніцтва прыняты ў склад Рады БНР. У складзе ўрада БНР на чале з Раманам Скірмунтам Кандратовіч прызначаны міністрам ваенных справаў.
У 1919 г. удзельнічаў у Парыжскай мірнай канфэрэнцыі.
Пасьля адыходу Рады БНР і беларускіх вайсковых частак на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, Кандратовіч на кароткі час быў віцэ-міністрам абароны Летувы.
Памёр у 1932 годзе, пахаваны ў Воранаве.