Клаўдзі Дуж-Душэўскі
27 сакавіка 1891 г. у Глыбокім нарадзіўся Клаўдзі Дуж-Душэўскі – беларускі грамадзкі і дзяржаўны дзеяч, дыплямат, архітэктар, стваральнік сучаснага эскіза беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга.
Удзельнік Зьезда беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску (сакавік 1917 г.), у 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама.
З красавіка 1919 г. ў Вільні: член Беларускага Нацыянальнага Камітэта, старшыня Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны (травень — ліпень 1919), узначальваў камітэт Беларускага Таварыства Дапамогі Пацярпелым ад Вайны, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускае Вайсковае Камісіі.
Восеньню 1919 — дыпляматычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе В. Ластоўскага.
У 1920—30-я г. працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літоўскай Рэспублікі, быў адным з кіраўнікоў Беларускага цэнтра, Летувіска-Беларускага Таварыства.
У час Другой Сусьветнай Вайны арыштоўваўся савецкімі і нямецкімі ўладамі, быў вязьнем нацыстоўскага канцлягера. Пасьля вайны зноў некалькі разоў арыштаваны савецкімі ўладамі, канчаткова вызвалены ў 1955 годзе.
Аўтар дзясяткаў будынкаў у розных гарадах Літоўскае Рэспублікі.
Дуж-Душэўскі лічыцца аўтарам эскіза беларускага нацыянальнага сьцяга, які грунтуецца на колерах беларускіх нацыянальных арнамэнтаў і на традыцыях дзяржаўнай сымболікі Вялікага Княства Літоўскага. Дакладная дата стварэньня і зацьверджаньня сьцяга невядомая, але ў сьнежні 1917 года ў Менску падчас Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг ужо адзінадушна прызнаваўся ў якасьці нацыянальнага сымбаля Беларусі і беларускага народу.
У сваіх успамінах Клаўдзі Дуж-Душэўскі пісаў:
«Цiкава адзначыць, што беларусы ўважалi сваiм дзяржаўным сьцягам той, што i лiтоўцы, гэта значыць белую Пагоню на чырвоным полi, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабiць некалькi праектаў нацыянальнага сьцяга, i адзiн зь iх быў прыняты, менавiта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг i лiчыцца за беларускi»