Кузьма Цярэшчанка
12 сакавіка 1922 г. пры нявысьветленых абставінах памёр Кузьма Цярэшчанка – беларускі вайсковец і міністар ва ўрадзе БНР.
Нарадзіўся на Смаленшчыне, скончыў каморніцкую школу ў Пскове і Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1912).
Належаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, арыштоўваўся падчас Рэвалюцыі 1905—07 гг.
З пачатку Першай сусьветнай вайны ў дзеючай расейскай арміі. У 1917 г., пасьля падзеньня манархіі, адзін з ініцыятараў стварэньня і старшыня Пскоўскай беларускай рады з вайскоўцаў, дэлегат Зьезда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (лістапад 1917 г.), Першага Ўсебеларускага зьезда ў Менску (сьнежань 1917 г.).
Увосень 1918 г. кааптаваны ў Віленскую беларускую раду, пазьней выконваў абавязкі кіраўніка ўнутраных спраў урада БНР.
У студзені—лютым 1919 г. камісар Міністэрства беларускіх спраў Летувіскай тарыбы ў Беластоку, затым у Гародні.
У канцы лютага — сакавіку 1919 г. сакратар замежных справаў урада БНР, затым міністр унутраных спраў Рэспублікі ва ўрадзе Антона Луцкевіча.
У чэрвені 1919 г. выбраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны.
Зь ліпеня 1919 г. дыплямат БНР у Латвіі і Эстоніі. Калі прыехаў у Вільню, быў арыштаваны польскай контарвыведкай.
Зь верасьня 1919 г. старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Са сьнежня 1919 г. член прэзыдыюма Найвышэйшай рады БНР. На нацыянальна-палітычнай нарадзе ў 1920 г. у Рызе самавольна склаў яе паўнамоцтвы, прызнаў урад Вацлава Ластоўскага.
У 1920—21 гг. друкаваўся ў газэтах «Наша думка», «Беларускае слова». Жыў і працаваў у Гародні, з пачатку 1921 г. у Вільні. Разам з Аркадзям Смолічам і іншымі заснаваў «Саюз сельскай гаспадаркі», які плянаваўся як эканамічная апора нацыянальна-вызваленчага руху.
У жніўні 1921 г. пераехаў у БССР, працаваў у Менску на адказных пасадах Цэнтрабелсаюза. Празь некалькі месяцаў, 12 сакавіка 1922 г., паводле афіцыйных зьвестак, памёр ад разрыву сэрца.