Ларыса Геніюш
9 жніўня 1910 г. на Гарадзеншчыне нарадзілася Ларыса Геніюш, выбітная беларуская паэтка, Генэральны сакратар Ураду БНР у выгнаньні.
Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласьці Гарадзенскага павету ў шматдзетнай сям’і заможнага селяніна-землеўласьніка. Вучылася ў польскай школе, у 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію.
У лютым 1935 году пабралася шлюбам са студэнтам-мэдыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Карлавым унівэрсытэце (Прага). У 1937 годзе, пасьля нараджэньня сына Юркі, выяжджае да мужа ў Прагу. Першыя свае вершы апублікавала ў бэрлінскай газэце беларускіх эмігрантаў «Раніца» ў 1939 годзе. У0 1942 годзе пабачыў сьвет першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», напоўнены настальгіяй і роздумамі пра лёс Беларусі. Калі Чырвоная Армія ў 1939 годзе ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, бацьку Ларысы Антона Міклашэвіча расстралялі, а маці й дзьвюх сясьцёр выслалі ў Казахстан.
У сакавіку 1943 году, паводле апошняга распаражэньня прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі, Ларыса Геніюш прызначаецца Генэральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Яна захоўвае і парадкуе архіў БНР, апякуецца беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для ворганаў НКВД і МДБ месца. Пазьней савецкія карныя ворганы будуць катаваць паэтку, каб атрымаць зьвесткі пра гэты архіў.
Пасьля вызваленьня Чэхіі ад немцаў Ларыса Геніюш з мужам і сынам жыве пад Прагай, у мястэчку Вімпэрк. 5 сакавіка 1948 году ворганы МГБ СССР арыштоўваюць Ларысу й Янку. Абое знаходзяцца ў турмах Чэхаславаччыны, Львова, з кастрычніка 1948 году ў турме Менску. Ларысу Геніюш дапытвае сам міністар дзяржбясьпекі БССР Лаврентій Цанава. Паэтка мужна вытрымала катаваньні.
7 лютага 1949 году Ларысу і Янку Геніюшаў асуджаюць на 25 гадоў зьняволеньня. Пакараньне паэтка адбывае ў лягерох Інта і Абедзе (Комі АССР). Яна паказвае прыклад фэнамэнальнай духоўнай трываласьці, яднае вакол сябе ня толькі беларусаў, але і вязьняў іншых нацыянальнасьцяў, піша вершы. У 1956 г. разам з мужам часткова рэгабілітаваныя, тэрмін пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якія ўжо мінулі з моманту прысуду, таму яны былі вызваленыя.
Трагічны лёс напаткаў і іншых Міклашэвічаў: у Казахстане памерлі маці (1945) і дзьве сястры; брат Аркадзь — жаўнер арміі Андэрса — загінуў 27 ліпеня 1944 году ў бітве пад Монтэ-Касына ў Італіі; другі брат, Расьціслаў, загінуў 26 (28?) красавіка 1945 году пад Бэрлінам у арміі Касьцюшкі.
Пасьля вызваленьня Л. Геніюш пасялілася на мужавай радзіме ў Зэльве. Геніюшы так і не прынялі грамадзянства СССР і ўсё астатняе жыцьцё пражылі як, паводле савецкіх дакумэнтаў, «асобы без грамадзянства». 27 гадоў зэльвенскага жыцьця паэткі прайшлі пад наглядам КДБ. Янку Геніюшу дазволілі падпрацоўваць у раённай паліклініцы, а паэтцы — і то ненадоўга — прыбіральніцай. У 1979 годзе памёр Янка, Ларысе прызначылі мізэрную пэнсію. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасьці, не дазваляючы паехаць да сына, які рос у Беластоку, сіратою пры жывых бацьках.
Амаль дзесяць гадоў творчасьць паэткі была пад забаронай. Упершыню яе пасьлялягерныя вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Толькі ў 1967 годзе, дзякуючы тагачаснаму Старшыні Вярхоўнага Савету БССР Максіму Танку, быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш «Невадам зь Нёмана». У яго ўвайшла бальшыня вершаў са зборніка «Ад родных ніў» з шэрагам цэнзурных купюраў, а таксама вершы зэльвенскага пэрыяду. У першым пасьмяротным зборніку «Белы сон» (укладальнік і аўтар прадмовы — Барыс Сачанка) даслоўна паўтораныя ўсе чатыры кнігі, што выйшлі за савецкім часам, а да іх дададзены разьдзелы: «Вершы розных гадоў» (тут амаль усё, што было ў «Ад родных ніў» і ня трапіла ў «Невадам зь Нёмана», без купюраў); «З пасьмяротных публікацый» (пераважна лягерныя вершы, без купюраў) і «З рукапіснай спадчыны» (вершы зэльвенскага пэрыяду, без купюраў). Аўтарскія варыянты цэнзураваных вершаў узноўлены ў рэпрынтным выданьні «Ад родных ніў», у зборніках «Выбраныя вершы» і «Выбраныя творы». Багата вершаў і лістоў дагэтуль не друкавалася.
Памерла Ларыса Геніюш у 1983 годзе. Пасьля адпяваньня ў царкве паэтку праводзілі ў апошні шлях некалькі тысяч людзей.
Ларыса Геніюш. Фільм тэлеканалу “Белсат”, 2010 г.
https://www.youtube.com/watch?v=TPLHeHDkThQ