ЛІСТ АД ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ З НАГОДЫ ЎРАЧЫСТАСЬЦЯЎ ДА 100-ГОДЗЬДЗЯ БНР У СЬВЕЦЕ

Дарагія Суродзічы, дарагія Сябры Беларусы!

Пішу гэты ліст перад усім, каб выказаць маю ўдзячнасьць пасьля сьвяткаваньняў у Беларусі і ў сьвеце сотых угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га Сакавіка 1918 году.

Я яшчэ ўсё пад уражаньнем урачыстасьцяў і энтузіязму, зь якім вы адзначылі стагодзьдзе БНР. Ведаю, што будзе яшчэ шмат мерапрыемстваў у 2018 годзе з гэтае нагоды, але хочацца вам ужо цяпер падзякаваць за радасьць, якою вы напоўнілі маё сэрца ў Сакавіку 2018 г.

Хачу вам падзякаваць за тыя цудоўныя сьвяткаваньні, на якіх я прысутнічала асабіста ў Атаве, у Лёндане і ў Празе, і за ўсе тыя, на якіх я не змагла прысутнічаць. Удзячная вам за вялізарную працу якую вы ўлажылі, каб зрабіць гэтыя сьвяткаваньні годнымі вялікай падзеі, якой былі сотыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці БНР. Удзячная ўсім, хто прыйшоў на сьвяткаваньні, каб належна адзначыць Стагодзьдзе БНР.

Ганаруся нашым народам, які ўжо сто год беражэ ідэалы БНР. Ганаруся нашай моладзьдзю, якая з такім уздымам выказала сваю любоў да Бацькаўшчыны! Удзячная таксама ўсім тым, хто прадаўжае сьвяткаваць Стагодзьдзе. Перад намі яшчэ восем месяцаў гэтага юбілейнага году! Яшчэ столькі магчымасьцяў выказаць нашую вернасьць ідэалам БНР і задумацца над тым, як кожны з нас можа спрычыніцца да іх зьдзейсьненьня.

Вітаю ўсіх вас ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, мае дарагія Сябры!

Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

You may also like...