Людзьвіка Сівіцкая (Зоська Верас)
30 верасьня 1892 г. ва Ўкраіне нарадзілася Людвіка Сівіцкая, радная БНР, грамадзкі дзеяч, батанік, літаратар (творчы псэўданім “Зоська Верас”).
Нарадзілася ў шляхецкай сям’і, якая паходзіла з Гарадзеншчыны.
Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасьля сьмерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
У маладым узросьце Сівіцкая далучылася да беларускага нацыянальнага руху. У 1909-1913 гг. удзельніца Гарадзенскага гуртку беларускай моладзі, дзе працавала бібліятэкарам і сакратаром. Кантактавала з газэтай «Наша Ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым.
У 1915 г., падчас Першай Сусьветнай Вайны, эвакуявалася ў Менск, дзе актыўна ўдзельнічае ў беларускім грамадзка-палітычным жыцьці. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярлелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе.
У 1917 годзе Сівіцкая – дэлегат Першага Ўсебеларускага Зьезду. У 1918 г. – сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцы 1918 г. Л. Сівіцкая пакідае Менск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі. У 1919 г. у Сівіцкай нарадзіўся сын Антон, ягоны бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны бальшавікамі ў 1920 г.
Пасьля вайны і Рыскага падзелу Людвіка Сівіцкая жыве ў акупаванай Польшчаю Заходняй Беларусі: першыя гады ў Альхоўніках, потым у Вільні. У 1926 г. Сівіцкая выйшла замуж за Антона Войціка, у гэтым шлюбе ў 1927 г. нарадзілася дачка Галіна.
Сівіцкая апекавала беларускіх палітычных вязьняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы Міхася Машары й выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928). Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступае разам з Натальляй Арсеньневай. У 1924—1929 гг. Людвіка Сівіцкая-Войцік працавала адміністратарам рэдакцыі газэт Беларускай Сялянска-Рабочай Грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданьні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).
Пасьля таго, як у 1944 г. была закрыта Віленская беларуская гімназія, у 1945 г. ліквідаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча, у 1946 г. арыштаваны і асуджаны бяз права ліставаньня сын Сівіцкай Антон, а ў 1948 г. раптоўна памёр яе муж, Зоська Верас адыйшла ад актыўнага грамадзкага і літаратурнага жыцьця. У 1956 г. сын Л. Сівіцкай Антон нечакана вярнуўся дамоў з савецкіх лягераў, цяжка хворы.
Толькі ў 1961 г. Людвіка Сівіцкая як паэтэса была «адкрытая» Арсенем Лісам, які зьбіраў у віленскіх архівах матэрыял для сваёй дысэртацыі. Пасьля гэтага яе пачалі наведваць пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1982).
Памёрла ў 1991 г., пахавана на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа і сына.
Л. Сівіцкая – аўтарка і складальніца «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985), шматлікіх перакладаў на беларускую мову, выданьняў сваіх успамінаў і іншых твораў.
Ілюстрацыя: Зоська Верас у 1978 г., фота Сяргея Панізьніка