РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ ПАД КАНТРОЛЕМ РЭЖЫМУ А. ЛУКАШЭНКІ ДЗЕЙНІЧАЕ ЯК ДЗЯРЖАВА-ТЭРАРЫСТ
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае глыбокае спачуваньне сваякам палітычнага вязьня Вітольда Ашурка і абурэньне захопам палітычнага ўцекача Рамана Пратасевіча.
Вітольд Ашурак, незаконна асуджаны на пяць гадоў увязьненьня, памёр пры невытлумачальных абставінах пасьля таго, як паведаміў у лісьце пра прыніжальную практыку лукашэнкаўскіх турмаў пазначаць палітычных вязьняў жоўтымі імяннымі біркамі. Акрамя агіднай паралелі з практыкай нацыстаў, якія пазначалі жоўтым колерам габрэяў падчас Галакосту, палітычныя вязьні ў беларускіх турмах церпяць дадатковую дыскрымінацыю ў параўнаньні з асуджанымі па крымінальных артыкулах. Для палітычных вязьняў ствараюцца невыносныя і прыніжальныя побытавыя ўмовы, яны церпяць зьдзекі і зьбіцьцё з боку турэмшчыкаў.
Зважаючы на сумныя прэцэдэнты і на непразрыстасьць лукашэнкаўскай турэмнай сыстэмы, ёсьць імавернасьць, што невытлумачальная сьмерць Вітольда Ашурка сталася вынікам помсты за выкрыцьцё злачынных практыкаў.
Раман Пратасевіч, былы рэдактар уплывовага пратэстнага Telegram-каналу NEXTA, быў захоплены ў выніку спэцыяльнай апэрацыі лукашэнкаўскіх сілавых службаў, якая, паводле наяўнай інфармацыі, уключала сачэньне за ім у замежжы і пасадку самалёта, на якім ён ляцеў з Атэнаў у Вільню, па заведама фальшывай прычыне з адзінай мэтай захапіць уплывовага палітычнага актывіста.
Рада БНР заяўляе, што дзеяньні рэжыма Лукашэнкі па захопу Рамана Пратасевіча ня толькі супярэчаць шматлікім міжнародным нормам і пагадненьням, удзельнікам якіх ёсьць Рэспубліка Беларусь, але таксама могуць быць клясыфікаваныя як акт міжнароднага тэрарызму, у якім Рэспубліка Беларусь на чале з былым прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам выступае як дзяржава-тэрарыст. Дзеяньні падкантрольных А. Лукашэнку дзяржаўных службаў, у тым ліку авіяцыі і тайнай палітычнай паліцыі, утвараюць пагрозу як беларусам, так і грамадзянам іншых краінаў.
Рада БНР патрабуе неадкладнага празрыстага і сумленнага рассьледваньня сьмерці Вітольда Ашурка і прыцягненьня ля адказнасьці ўсіх тых, хто вінаваты ў сьмерці гэтага выбітнага грамадзкага дзеяча.
Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча і ўсіх іншых палітычных вязьняў у Беларусі.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск, уключна з эканамічнымі санкцыямі і выключэньнем зь Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), на рэжым Лукашэнкі, а таксама на ягонага палітычнага і эканамічнага спонсара Расейскую Фэдэрацыю, з мэтаю вызваленьня ўсіх беларускіх палітычных вязьняў.