ЛУКАШЭНКА ПРАЙГРАЎ ВЫБАРЫ 2020 Г. – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Год таму ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, якія сталі шмат у чым унікальнымі і пераломнымі ў сучаснай гісторыі Беларусі.

Нягледзячы на іхны незаконны характар, на выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу і дзяржаўнай прапаганды, на незаконнае зьняцьцё і арышт многіх моцных кандыдатаў, якія кінулі выклік дзейнаму рэжыму, былы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ня здолеў перамагчы на гэтых выбарах. У гэтым пераканаліся ўся Беларусь і ўвесь сьвет.

Паводле даступных сацыялагічных дадзеных і паводле шматлікіх даступных пратаколаў з выбарчых участкаў, Сьвятлана Ціханоўская зьяўляецца ўпэўненай пераможцай леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Масавыя агульнанацыянальная пратэсты, якія мелі беспрэцэдэнтны маштаб і цягнуліся некалькі месяцаў, пераканаўча дэманструюць, што рэжым Лукашэнкі ня мае падтрымкі беларускага грамадзтва.

Падавіць пратэсты рэжым здолеў толькі з дапамогай жорсткага гвалту і масавых катаваньняў мірных пратэстоўцаў, якія прывялі да некалькіх сьмерцяў. Рэжым Лукашэнкі прадэманстраваў сваю бесчалавечную натуру ўсяму сьвету.
Аляксандар Лукашэнка не зьўляецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і павінен неадкладна сысьці. Захоп самалёта Ryanair з мэтай выкраданьня палітуцекача Рамана Пратасевіча і штучна створаны Лукашэнкам у 2021 годзе міграцыйны крызіс на мяжы зь Літоўскай Рэспублікай, Польшчай і Латвіяй зьяўляюцца актамі дзяржаўнага тэрарызму і дэманструюць, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца пагрозай для стабільнасьці і бясьпекі ў Эўропе.

Адначасова з гэтым, Рада БНР яшчэ раз канстатуе, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі здолеў захавацца ў 2020 годзе і ажыцьцяўляць тэрор і агрэсію супраць грамадзянаў Беларусі і краінаў Эўропы выключна дзякуючы палітычнай і матар’яльнай падтрымцы з боку Расеі. Гэтая падтрымка ўключала прадстаўленьне або гатоўнасьць прадставіць паліцэйскія сілы для падаўленьня пратэстаў. Расейская Фэдэрацыя падзяляе адказнасьць за злачынствы, якія зьдзяйсьняе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Рада БНР выказвае сваю падтрымку дзейнасьці Сьвятланы Ціханоўскай і яе офісу, скіраванай на набліжэньне дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск, уключна з максымальна жорсткімі эканамічнымі санкцыямі, на рэжым Лукашэнкі, а таксама на ягонага палітычнага і эканамічнага спонсара, пуцінскі рэжым у Расеі, з мэтай правядзеньня агульнанацыянальнага дыялёгу ў Беларусі і правядзеньня сумленных дэмакратычных прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Мы заклікаем прадстаўнікоў беларускае дыяспары актыўна пашыраць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі ў сваіх краінах пражываньня, удзельнічаць у публічных акцыях пратэсту, прысьвечаных Беларусі, гуртавацца і арганізоўвацца дзеля дапамогі Беларусі.

Мы заклікаем жыхароў Беларусі не губляць веры ў нашую агульную перамогу, аказваць падтрымку пацярпелым ад рэпрэсій і гуртавацца для будучага вырашальнага ціску на рэжым.

You may also like...