Гібель ці забойства Анатоля Майсені – 12 лістапада 1996 г.
12 лістапада 1996 г. загінуў журналіст і грамадзкі дзеяч Анатоль Майсеня. Ягоная гібель сталася першай у шэрагу загадкавых сьмерцяў і зьнікненьняў апазыцыянэраў рэжыму Лукашэнкі у канцы 90-х гг.
Майсеня нарадзіўся 4 студзеня 1959 г. у вёсцы Вялікая Ліпа Нясьвіскага раёну ў сям’і настаўнікоў. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў і асьпірантуру Інстытута філязофіі і права Акадэміі навук Беларусі. Кандыдат філязофскіх навукаў. Працаваў камэнтатарам на Беларускай тэлевізіі, карэспандэнтам інфармацыйных праграмаў ТСН і «Вести» па Беларусі, палітычным аглядальнікам «Народнай газеты».
З кастрычніка 1992 году — прэзыдэнт Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятываў «Усход-Захад», актыўна працаваў над усталяваньнем кантактаў паміж Беларусьсю і краінамі Захаду. У 1995 годзе Майсеня балятаваўся на выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня.
Будучы спачатку актыўным прыхільнікам А. Лукашэнкі і крытыкам БНФ, пасьля пачатку дзяржаўнага перавароту 1995-1996 гг. і ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму Анатоль Майсеня стаў адным з найбольш актыўных і ўплывовых крытыкаў беларускай дыктатуры, актыўна працаваў над інфармаваньнем заходняй грамадзкасьці пра стан рэчаў у Беларусі.
12 лістапада 1996 году па дарозе з канфэрэнцыі ў Італіі Анатоль Майсеня трапіў у аўтамабільную аварыю на шашы Берасьце — Менск і памёр па дарозе ў шпіталь. Паводле афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, Майсеня «ня справіўся з кіраваньнем» аўтамабілям і зрабіўся прычынцам аварыі.
Паводле неафіцыйнай вэрсіі, аварыя магла быць падстроенай з мэтаю забойства Майсені. У прыватнасьці, як забойства абазначыў сьмерць Майсені тагачасны міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Сам Захаранка быў выкрадзены і, відавочна, забіты некалькімі гадамі пазьней.
У 1996 годзе за артыкул «Беларусь во мгле» Беларуская асацыяцыя журналістаў пасьмяротна ўзнагародзіла Анатоля Майсеню прэміяй за найлепшы аналітычны матэрыял.
У гэтым артыкуле Майсеня пісаў: “Беларусь усё больш адчувае на сабе прэс міжнароднай ізаляцыі. Жорсткая паліцэйская расправа над палітычнай апазыцыяй, падаўленьне свабоды друку ў краіне, сыстэматычнае парушэньне прэзыдэнтам Канстытуцыі і зьяўленне першай беларускай палітэміграцыі прымусілі ўвесь сьвет казаць пра Беларусь як пра “усходнеэўрапейскую анамалію”