Агнешка Рамашэўска-Гузы атрымала Мэдаль да стагодзьдзя БНР
18 чэрвеня ў Варшаве адбылося ўручэньне Мэдаля да стагодзьдзя БНР Агнешцы Рамашэўскай-Гузы, дырэктару тэлеканала “Белсат”.
А. Рамашэўска-Гузы – вядомая польская журналістка, у мінулым адмысловы карэспандэнт і рэдактар міжнароднае рэдакцыі Польскае тэлевізіі. У 2004-2005 гг. яна ў якасьці карэспандэнта асьвятляла падзеі ў Беларусі. У сьнежні 2005 г. улады Беларусі скасавалі яе візу.
Ад сьнежня 2007 г. А. Рамашэўска-Гузы ўзначальвае беларускі тэлеканал “Белсат”, створаны пры міжнароднай падтрымцы ў складзе Польскай тэлевізіі. Перад гэтым яна выступіла аўтарам канцэпцыі тэлеканала.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракамэнтавала:
“Бяз плённае працы Агнешкі Рамашэўскай-Гузы Беларусь ня мела б “Белсат”, які за гады свайго існаваньня стаў адным з найважнейшых мэдыйных рэсурсаў, унікальнай школай беларускай незалежнай тэлежурналістыкі, а таксама мейсцам стварэньня цудоўных рэпартажаў і дакумэнтальных перадачаў, зьяўленьне якіх немагчымае на цяперашняй падцэнзурнай тэлевізіі ў Беларусі. Мы шчыра ўдзячныя Агнешцы Рамашэўскай-Гузы і ўсяму калектыву “Белсата” за выдатную працу і за выкананьне важнае місіі дзеля Беларусі.”