Узнагароды Рады БНР у выгнаньні: агульная інфармацыя

Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Рада БНР у выгнаньні ўручае дзяржаўныя ўзнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў сілу свайго статусу часовага найвышэйшага органу дзяржаўнае ўлады Беларусі, паводле трох Устаўных граматаў БНР 1918 году.

Камісія па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР

Актуальная сыстэма дзяржаўных узнагародаў БНР была сфармаваная ў 1949 годзе камісіяй на чале з ген. Францішкам Кушалем, у склад якой уваходзілі таксама доктар Станіслаў Грынкевіч, магістар права Лявон Галяк і мастак Пётра Мірановіч.

У 2016 годзе была сфармаваная Камісія па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР, у склад якой увайшлі сябры Прэзыдыюму Рады БНР Вячаслаў Бортнік, Алесь Чайчыц і іншыя. Пазьней у камісію таксама ўвайшоў сябра Прэзыдыюму Рады БНР Павал Шаўцоў.

Паводле свайго статуту, Камісія па ўзнагароджаньнях пры Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі ёсьць выканаўчы ворган, адказны за распрацоўку і ўручэньне ўзнагародаў Беларускае Народнае Рэспублікі. У склад Камісіі ўваходзіць ня менш за 2 і ня больш за 5 радных БНР, сярод якіх мінімум адзін павінен быць сябрам Прэзыдыюму Рады БНР. Склад Камісіі зацьвярджаецца Старшынём/Старшынёю Рады БНР.

Камісія на базе кансэнсусу сваіх членаў складае сьпісы кандыдатаў, якім маюць быць уручаныя ўзнагароды БНР. Сьпісы кандыдатаў разглядаюцца членамі Прэзыдыюму Рады БНР, якія выказваюць свае заўвагі і прапановы. Пасьля гэтага сьпісы кандыдатаў карэгуюцца і зацьвярджаюцца Старшынём/Старшынёю Рады БНР і ягонымі/ейнымі заступнікамі ў якасьці выніковых сьпісаў узнагароджаных. Пасьля зацьверджаньня сьпісаў узнагароджаных Старшыня Рады БНР выдае адпаведны Дэкрэт аб узнагароджаньні, а Камісія арганізуе ўручэньне ўзнагародаў.

Камісія займаецца ўнясеньнем зьменаў у статуты існуючых узнагародаў БНР, вядзе рэгістр выдадзеных узнагародаў БНР, а таксама распрацоўвае прапановы па новых узнагародах БНР. Усе рашэньні аб зьменах у статуты ўзнагародаў і аб заснаваньні новых узнагародаў прымаюцца дэкрэтамі Старшыні Рады БНР.

Гісторыя сыстэмы ўзнагародаў БНР

Першыя праекты ўзнагародаў БНР існавалі ў канцы 1910-х і пачатку 1920-х гг. Пра іхны выраб і ўручэньне невядома, статутныя дакумэнты таксама не захаваліся.

У 1949 годзе Радаю БНР у выгнаньні былі створаныя тры ўзнагароды: Ордэн Пагоні, Ордэн Жалезнага рыцара і Партызанскі мэдаль. Не пазьней за 1952 г. адбыліся першыя ўзнагароджаньні.

У 2016 годзе рашэньнем XXIX Сэсіі Рады БНР было пацьверджанае дзеяньне статутаў гэтых трох узнагародаў.

У 2018 годзе Рада БНР заснавала Мэдаль да стагодзьдзя БНР. У 2018 і 2019 гг. выйшла тры дэкрэты пра ўзнагароджаньне гэтым мэдалём. Агулам быў узнагароджаны 131 чалавек, сярод якіх беларускія грамадзкія і палітычныя актывісты, дзеячы нацыянальнага адраджэньня, а таксама сябры Беларусі ў замежжы. Далейшыя ўзнагароджаньні мэдалём не прадугледжаныя.

У 2022 годзе Рада БНР абнавіла статут Ордэну Пагоні, дадаўшы ў яго Мэдаль Ордэну Пагоні ў якасьці ордэнскай узнагароды. Гэтая ўзнагарода нефармальна разглядаецца Радай БНР як “бестэрміновы” і пастаянны эквівалент Мэдаля да стагодзьдзя БНР, які ў якасьці асноўнай узнагароды Рады БНР у выгнаньні мае ўручацца да моманту перадачы паўнамоцтваў Рады БНР сталаму дэмакратычнаму ўраду незалежнай Беларусі.

У 2023 годзе заснаваны Мэдаль БНР за баявыя заслугі дзеля адзначэньня ваяроў-беларусаў, якія праявілі адвагу на полі боя. Дызайн мэдаля быў распрацаваны аўтарытэтнай грамадзкай камісіяй гісторыкаў-геральдыстаў. Першымі ўзнагароджанымі гэтым мэдалём сталіся 22 байцы Палку Каліноўскага, якія супрацьстаяць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Нарэшце, у чэрвені 2023 г. Рада БНР актуалізавала статут Ордэну Жалезнага рыцара як найвышэйшай беларускай вайсковай узнагароды.

Актуальныя ўзнагароды Рады БНР у выгнаньні

1. Ордэн Пагоні, у якасьці ордэнскай узнагароды – Мэдаль Ордэну Пагоні

Заснаваны ў 1949 г. Тытул кавалера ці дамы Ордэна Пагоні зьяўляецца найвышэйшым ганаровым адзначэньнем беларускага народу. Тытул кавалера ці дамы Ордэна надаецца асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці й дэмакратыі, абароны і захаваньня тэрытарыяльнага й нацыянальнага адзінства беларускіх земляў або даўмацаваньня дэмакратыі, незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы і беларускага народу.

Мэдаль Ордэну Пагоні ўручаецца беларускім грамадзянам і замежнікам беззаганнага характару, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам: асобам, якія адзначыліся на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі, выбітным грамадзкім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа, замежнікам, якія спрычыніліся да дасьледваньняў і папулярызацыі Беларусі ў сьвеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Падрабязьней

Статут

2. Ордэн Жалезнага рыцара

Кавалерскі крыж Ордэну Жалезнага рыцара

Заснаваны ў 1949 г. Тытул кавалера ў Ордэне зьяўляецца ўзнагародай за выдатныя ваенныя ўчынкі і можа быць наданы за выбітнае пасьпяховае кіраваньне войскам ці атрадам альбо за асабісты гераічны вайсковы ўчынак.

Падрабязьней

Статут

3. Мэдаль за баявыя заслугі

Заснаваны ў 2023 г. Надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.

Падрабязьней

Статут

4. Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Уручаўся ў 2018-2019 гг. на адзначэньне асаблівых заслугаў на карысьць увасабленьня ідэалаў 25 сакавіка, у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Узнагароджаны 131 чалавек.

Падрабязьней

Статут

5. Мэдаль Партызана

Заснаваны ў 1949 г. Надаецца беларусам, якія змагаліся ў шэрагах беларускай нацыянальнай партызанкі за незалежнасьць Беларусі супраць акупантаў.

Пра ўзнагароджаньні невядома.

You may also like...