СЬМЕРЦЬ АЛЕСЯ ПУШКІНА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ПАЛІТЫЧНЫМ ЗАБОЙСТВАМ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае свае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Алеся Пушкіна, выбітнага беларускага мастака, актывіста і палітычнага зьняволенага, які пры абставінах, на дадзены момант ня высьветленых, памёр у лукашэнкаўскай турме.

Алесь Пушкін быў арганізатарам першай за дзесяцігодзьдзі публічнай акцыі ў гонар 25 сакавіка: у 1989 годзе ён выйшаў на праспэкт у Менску з адзіночным пікетам, быў затрыманы савецкай міліцыяй і асуджаны. Пушкін – аўтар дзясяткаў палотнаў, прысьвечаных гераічнаму мінуламу беларускага народа. У 2018 годзе ён быў узнагароджаны Радай БНР Мэдалём да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прамую адказнасьць за гэтую заўчасную трагічную сьмерць нясе аўтарытарны рэжым, які пануе ў Беларусі, а таксама пэрсанальна былы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка, які ў 1995-1996 гг. зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот і незаконна ўзурпаваў найвышэйшую дзяржаўную ўладу ў краіне.

Пэрсанальна Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за палітычны тэрор, цэнзуру, гвалт супраць іншадумцаў і забойствы сваіх крытыкаў і апанэнтаў, якія адбыліся за гэтыя амаль трыццаць гадоў.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня, а таксама поўнай юрыдычнай рэгабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязьняў. Асобы, якія нясуць адказнасьць за незаконнае ўвязьненьне беларускіх палітыкаў, актывістаў, журналістаў, інтэлектуалаў і проста неабыякавых грамадзянаў, маюць панесьці пакараньне па ўсёй строгасьці закону.

Гэта тычыцца як палітычных замоўцаў, уключна з вышэйшым кіраўніцтвам аўтарытарнага рэжыму ў Менску, так і выканаўцаў: судзьдзяў, прапагандыстаў, супрацоўнікаў турмаў і сілавых структураў.

Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным зьнішчэньнем беларускай культурніцкай эліты. Спыненьне гэтага любымі магчымымі спосабамі зьяўляецца неабходным дзеля выжываньня беларускага народу.

Імя Алеся Пушкіна застанецца ў гісторыі ў адным шэрагу зь імёнамі найлепшых сыноў і дачок Беларусі.

You may also like...