Навагодні зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, 2020 г.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла запісала зварот з нагоды Калядаў і надыхода Новага году.


“Дарагія мае суродзічы-беларусы,

Напярэдадні сьвята Боскага Нараджэньня і надыходзячга Новага году зьвяртаюся да вас, мае дарагія сябры, каб сказаць вам, як я моцна ганаруся вамі, і з глыбіні сэрца пажадаць вам добрага, памыснага і здаровага 2021 году.

Дзякуючы вашаму гераізму і вашай годнасьці здабылі вы для Беларусі ў гэтым, 2020, годзе спэцыяльнае месца ў сэрцах добразычлівых людзей усяго сьвету. Удзячная кожнаму з вас, хаця і баліць сэрца дзела пакутаў, якія вам прышлося перанесьці.
Ваш уздым мне моцна дапамог перажыць асабістую бяду, якая мяне напаткала ў красавіку гэтага году — страту дачкі. За гэта таксама вам моцна ўдзячная.

Адначасна, ніколі не дарую ўзурпатару улады ў Беларусі за ягоны зьдзек над вамі. Не хапіла яму брутальна хапаць вас падчас вашых мірных пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў.

Каб захаваць уладу, прыдумаў новую форму генацыду свайго народу, перапаўняючы турэмныя камэры людзьмі, якія ня мелі ніякай магчымасьці абараніцца ад пандэміі каранавірусу. Тады, калі ў іншых краінах людзям забаронена спатыкацца бяз маскі нават са сваімі блізкімі, нашых людзей — ня гледзячы на іх узрост, на пол ні на здароўе, — хапаюць, напаўняюць імі аўтазакі і адвозяць у турэмныя камэры, дзе няма магчымасьці ані памыць рук, ані удыхнуць сьвежага паветра. Пра маскі няма і мовы. Такім чынам, заражаныя людзі перадаюць каранавірус незаражаным, а гэтыя апошнія разносяць хваробу людзям вакол іх. Цяжка сабе прадставіць нешта горшае і больш цынічнае за гэта — успамінаюцца хіба толькі газавыя камэры ў нацыстоўскіх лягерах! І гэта ў XXI стагодзьдзі, нягледзячы на масу дагавораў у галіне здароўя і чалавечых правоў, падпісаных Рэспублікай Беларусь.

Дарагія мае суродзічы, гэты зьдзек вы не перажылі, аднак, дарэмна. Увесь сьвет бачыць, хто над вамі зьдзекуецца і ў якіх нялюдзкіх умовах вам трэба жыць. А таксама бачыць, як годна вы сябе паводзіце. Прызнаньне Пуцінам перамогі Лукашэнкі на выбарах 9 жніўня і абяцаньне маскоўскага аўтакрата памагчы Лукашэнку ў выпадку патрэбы ня пойдуць на карысьць злачынцам.

З Божай помаччу, вы пазбудзецеся крывавага ўзурпатара улады. Народ “выйшаў шчыльнымі радамі”, бараніць сваю зямлю. Не забудзе ён і не даруе перажытага зьдзеку.

Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы. І што вы, пасьля доўгай няволі, адчулі сябе годнымі сынамі зямлі, якую перадалі вам вашыя дзяды і прадзеды пасьля стагодзьдзяў змаганьня за яе волю. Веру, што разам мы пераможам усе цяжкасьці і што каханы край наш, Беларусь, зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў сьвету.

Дык памажы Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сьнежань 2020

You may also like...