ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ КРАІНЫ ПАВІННЫ АКАЗАЦЬ ПАЛІТЫЧНЫІ І ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА АЎТАРЫТАРНЫ РЭЖЫМ У БЕЛАРУСІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае нерэгістрацыю ключавых кандыдатаў, якія выступаюць супраць Аляксандра Лукашэнкі на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах, і патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх актывістаў, палітыкаў, журналістаў і блогераў, затрыманых у Беларусі па палітычных матывах.

Нерэгістрацыя кандыдатаў, якія прадстаўляюць дэмакратычную апазыцыю, зьяўляецца яшчэ адным відавочным доказам таго, што цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не зьяўляюцца ані свабоднымі, ані справядлівымі. Гэта дадае да тых фактаў, што мясцовыя выбарчыя камісіі былі сфармаваныя без удзелу дэмакратычнай апазыцыі і што кандыдаты ад апазыцыі сутыкаюцца з палітычнымі рэпрэсіямі і ня могуць весьці перадвыбарчыя кампаніі ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі дэмакратычнымі стандартамі.

Рада БНР заклікае правесьці новыя прэзыдэнцкія, парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі ў прысутнасьці міжнародных назіральнікаў і ў поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, якія задэкляраваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аляксандар Лукашэнка ня мае законнага права балятавацца на гэтых выбарах.

Дэмакратычная Эўропа не павінна мірыцца з існаваньнем жорсткага аўтарытарнага рэжыму ў эўрапейскай краіне. Рада БНР заклікае ўсе дэмакратычныя краіны аказаць палітычны і эканамічны ціск на аўтарытарны рэжым у Беларусі з мэтай забесьпячэньня свабодных і справядлівых выбараў.

Нежаданьне шэрагу заходніх палітыкаў паставіць патрабаваньні дэмакратычных выбараў і павагі да правоў чалавека вышэй за эканамічны прагматызм у адносінах зь Беларусьсю зьяўляецца галоўнай прычынай зьяўленьня новых палітычных зьняволеных у Беларусі кожныя пяць гадоў у час выбараў. Беларусы застаюцца апошнім народам у Эўропе, які ня можа карыстацца свабодамі і правамі, якімі карыстаюцца ўсе эўрапейскія суседзі Беларусі.

You may also like...