Віншаваньне з Калядамі і Новым годам

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла перадала свае віншаваньні з сьвятам Божага Нараджэньня і Новым годам.


Дарагія суродзічы,  дарагія беларусы ва ўсім сьвеце!

Надыходзіць канец 2018 году. Гэта быў асаблівы для нашага народу год: сёлета мы адсьвяткавалі соты юбілей адноўленае беларускае дзяржаўнасьці.

То былі цяжкія сто гадоў, поўныя гераічнага змаганьня, поўныя ахвяраў і стратаў. Але нікому так і не атрымалася нас скарыць. Бо нават бальшавікі былі вымушаныя аформіць сваю акупацыю Беларусі ў выглядзе вонкава незалежнай “савецкай рэспублікі”, добра разумеючы, што волю беларускага народу да незалежнасьці ім ужо не зламаць.

З нагоды сёлетняга слаўнага юбілею я падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні некалькіх дзясяткаў заслужаных асобаў у Беларусі і ў замежжы адмысловым юбілейным мэдалём Рады БНР. У самым хуткім часе мы паведамім пра гэта больш падрабязна.

Дарагія суайчыньнікі! Я хачу, каб мы з аптымізмам глядзелі у будучыню.

Цяперашні час няпросты: на Беларусі пануе беззаконьне і аўтарытарызм, а з-за мяжы нашай краіне пагражае агрэсіўная пуцінская Расея.

Aзіраючыся на змагарныя апошнія сто гадоў мы бачым, што народу нашаму атрымалася пераадолець найцяжэйшыя выпрабаваньні: войны, акупацыі, тэрор, Чарнобыльскую катастрофу. Але стагодзьдзе ад абвешчаньня сваёй незалежнасьці Беларусь сустрэла ў якасьці ўсімі прызнанай паўнапраўнай самастойнай дзяржавы, што ёсьць нашай сапраўднай перамогай.

Беларускі народ, нягледзячы на дыктатуру і русыфікацыю,  жыве! Тысячы актывістаў і неабыякавых людзей удзельнічаюць у шматлікіх беларускіх культурніцкіх і гістарычных праектах, будуюць помнікі, выдаюць кнігі, перакладаюць на беларускую мову творы сусьветнай літаратуры і кінэматографа, абараняюць Курапаты.

Усё гэта дае мне перакананьне, што мы перажывем і цяперашні час, захаваўшы ўласную мову, культуру і нацыянальную годнасьць.

“Магутны й сьмелы наш беларускі вольны дух” надалей жыве ў сэрцах тысячаў і тысячаў людзей.

Сардэчна віншую вас з Новым годам і сьвятам Божага нараджэньня!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

You may also like...