Ордэн Жалезнага рыцара
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі публікуе абноўлены статут найвышэйшай вайсковай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублкі: Ордэну жалезнага рыцара.
Гісторыя
Ордэн быў заснаваны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка ад 1 верасьня 1949 г. У 2016 годзе рашэньнем сваёй XXIX Сэсіі Рада БНР пацьвердзіла дзейнасьць статуту Ордэна Жалезнага рыцара, а ў 2023 годзе статут быў дапрацаваны і абноўлены. Вонкавы выгляд знакаў узнагароды быў дапрацаваны з удзелам аўтарытэтнай грамадзкай камісіі гісторыкаў-геральдыстаў.
Ордэн зьяўляецца пераемнікам ордэну Virtuti Militari, самага старога беларускага дзяржаўнага ордэну вайсковых заслугаў, заснаванага ў 1792 годзе Вялікім князем Літоўскім Станіславам ІІ Аўгустам Панятоўскім у памяць пра Бітву пад Зяленцамі (18 чэрвеня 1792 г.), дзе польска-літоўскае войска разьбіла войскі Расейскай Імпэрыі. За кароткі час існаваньня ордэну Virtuti Militari ў часы Вялікага княства Літоўскага як часткі Рэчы Паспалітай сярод ягоных кавалераў быў выбітны ўраджэнец Беларусі Тадэвуш Касьцюшка, военачальнік і нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн Virtuti Militari быў адноўлены ў Польшчы ў якасьці польскай нацыянальнай вайсковай узнагароды.
Ордэн Жалезнага рыцара, адсылаючы да ордэну Virtuti Militari часоў Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага як да аб’екту супольнай гістарычнай спадчыны Беларусі і Польшчы, зьяўляецца беларускай вэрсіяй гэтае ўзнагароды, чыя мадэрнізаваная канцэпцыя адлюстроўвае нацыянальны і дэмакратычны характар Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паводле свайго статуту, Ордэн Жалезнага рыцара зьяўляецца аб’яднаньнем кавалераў, адзначаных беларускаю дзяржавай “за выбітнае пасьпяховае кіраваньне войскам ці атрадам альбо за асабісты гераічны вайсковы ўчынак”.
Паводле статуту, ордэн “мае дзьве ступені, якія адзначаюцца Камандорскім крыжом (вышэйшая ступень) або Кавалерскім крыжом (ніжэйшая ступень)”.
Ніжэйшаю/папярэдняю ўзнагародай адносна тытулу кавалера Ордэну Жалезнага рыцара зьяўляецца Мэдаль БНР за баявыя заслугі.
Кавалеры Ордэну Жалезнага рыцара
Паводле дэкрэту Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка ад 24 лютага 1951 г.:
- Генэрал Міхал Вітушка — 3-я кляса (адпавядае Камандорскаму крыжу ў рэдакцыі статуту ад 2023 г.)
- Усевалад Родзька — 3-я кляса (адпавядае Камандорскаму крыжу ў рэдакцыі статуту ад 2023 г.)
- Маёр Саха — 4-я кляса (адпавядае Кавалерскаму крыжу ў рэдакцыі статуту ад 2023 г.)
- Тры камандоўцы асобных аддзелаў і адзін афіцэр сувязі — 4-я кляса (адпавядае Камандорскаму крыжу ў рэдакцыі статуту ад 2023 г.)