Старшыня Рады БНР у Празе, сакавік 2004 г.
Артыкул пра візыт Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы ў Прагу ў сакавіку 2004 г.
Калі восем гадоў таму разам з Зянонам Пазьняком на сустрэчы ў прэзыдэнцкім палацы ў праскіх Градчанах мы гаварылі пра пагрозу дэмакратыі, якая ідзе ад Лукашэнкі – нас ветліва выслухалі, а потым сказалі, што Беларусь – гэта вельмі далёка ад Прагі, гэта па-першае, а па-другое – дэмакратычная Расея не дазволіць ўзмацніцца аўтарытарызму ў Менску. Потым былі дзесяткі размоваў з чэскімі палітыкамі, палітолягамі й журналістамі, на якіх давялося даказваць супрацьлеглае.
Сёньня ілюзіі наконт “дэмакратызму” Расеі – у мінулым, а тэма Беларусі зрабілася адною з найбольш актуальных. Гэта і пацьвердзілі сустрэчы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з кіраўнікамі Чэхіі, якія адбыліся ў сакавіцкія дні ў Празе.
“Беларусь – наша новая суседка” – такой была тэма міжнароднай канфэрэнцыі, якая прайшла днямі ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі. Распачалі канфэрэнцыю былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал і Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У сваім выступе Вацлаў Гавал сказаў, што ці быць Беларусі ў Эўропе – гэта павінен вырашаць сам беларускі народ. Але калі ён зробіць эўрапейскі выбар, абярэ шлях на Захад – дык абавязак эўрапейскіх краінаў будзе дапамагчы пасьпяхова прайсьці гэты шлях. “Мы павінны трымаць для Беларусі дзьверы адкрытымі” – сказаў ён.
Івонка Сурвілла адзначыла, што Беларусь была, ёсьць і будзе краінаю эўрапэйскаю, і рэзка скрытыкавала палітыку Масквы, якая ўжывае эканамічны, у тым ліку і газавы фактар, у мэтах анэксіі ўсходняй суседкі. Сярод першачарговых крокаў, якія маглі-б паспрыяць Беларусі, Старшыня Рады БНР называла зьмякчэньне, а ў пэрспэктыве і скасаваньне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі з краінамі Эўрапэйскага Зьвязу.
У Празе Івонка Сурвілла мела сустрэчы з старшынём Сэнату Пітарам Пітгардам і ягоным намесьнікам Янам Румалам, старшынём ніжняй палаты парляманту Любамірам Зааралкам, віцэ-прэмьерам Петэрам Марашам, міністрам замежных справаў Кірылам Свобадам. Спн. Сурвілла расьпісалася ў Кнізе ганаровых наведнікаў Сэнату, дзе адзначаюцца толькі кіраўнікі дзяржаваў.
Пра такі ўзровень сустрэчаў, нягледзячы на ўсе высілкі менскай дыпляматыі, і марыць ня можа Аляксандар Лукашэнка, што і пацьвердзіла ягоная нядаўняя паездка ў Славенію.
27 сакавіка ў Люстраной залі праскага Кліменцінуму адбылася ўрачыстая акадэмія, прысьвечаная 86-м угодкам абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Выступілі спн. Івонка Сурвілла, кіраўнік суполкі беларусаў Чэхіі Ганна Сурмач, госьці зь Менску – пісьменьнік Уладзімер Арлоў і паэтка Валянціна Аксак, чэская перакладніца Францішка Сокалава, госьць з Аўстраліі Міхась Лужынскі, кіраўнік Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні Хведар Нюнька, а таксама прадстаўнікі беларускіх асяродкаў іншых краінаў. Удзельнікі акадэміі ўсклалі кветкі на могілках, дзе пахаваныя Прэзыдэнты БНР Пётра Крэчэўскі й Васіль Захарка.
Сяргей НАВУМЧЫК, намесьнік Старшыні Рады БНР, Прага
Крыніца: Газэта “Беларус”, № 495, красавік 2004 г.