Прапойскае антысавецкае паўстаньне
З гісторыі збройнага антысавецкага супраціву на Беларусі: Прапойскае паўстаньне 1919-1920 гг., якое ахапіла большую частку тэрыторыі Прапойскага раёну (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласьці).
Асноўнай прычынай паўстаньня быў пратэст супраць палітыкі “ваеннага камунізму” і гвалтоўных рэквізіцый харчаваньня, а таксама нацыянальны ўціск. У пачатку 1919 г. рашэньнем маскоўскіх бальшавіцкіх уладаў Віцебская, Смаленская, Магілёўская губэрні былі вылучаныя з БССР і далучаныя да РСФСР. На гэтай тэрыторыі з боку мясцовага партыйнага і савецкага кіраўніцтва панавалі антыбеларускія настроі.
Паўстаньне ахапіла тэрыторыю Прапойскага местачковага, Васькаўскага, Ржаўскага, Кульшыцкага, Іванішчавіцкага, Чэрнякоўскага, Гайшынскага, Гіжэнскага сельсаветаў. Паўстаньне мела свой штаб, які знаходзіўся ў вёсцы Жалезенка Іванішчавіцкага сельсавета.
Паводле савецкіх архіўных дакумэнтаў, паўстанцы “убівалі чырвонаармейцаў, адбіралі абмундзіраванне і снараджэнне”, але не наносілі ніякай шкоды мірнаму насельніцтву. Кіраваў паўстаньнем, паводле аднае вэрсіі, Аляксандар Вазіла, рэвалюцыянер з 1908 года, паэт. Выступленьні працягваліся да 1921 года, а ў Чэрняхоўскім, Іванішчавіцкім сельскіх саветах ажно да 1929 года.
На Магілёўшчыне вядомыя таксама паўстаньні 1919 г. у Чавусах, Горках і іншых месцах. Паводле інфармацыі з савецкіх архіваў, антысавецкая партызанская барацьба на Магілёўшчыне працягвалася да сярэдзіны 1930-х гг. У пэрыяд 1921-1928 гг дзейнічалі ўзброеныя атрады Пруднікава, Новікава, Казановіча, Рыжыкава-Бестужава, Ступакова, Агароднікава на тэрыторыях Гарадзішчанскага, Дасовіцкага, Махаўскага, Амхоўскага, Шчажэрскага, Таранаўскага, Мастоцкага, Машанацкага, Гаранскага, Бракаўскага, Пашкаўскага сельсаветаў Магілёўскага раёна. У савецкіх дакумэнтах адзначана, што супраціў працягваўся да 1935 года на абшарах Гаранскага, Пашкаўскага, Мастоцкага, Таранаўскага і Махаўскага сельсаветаў.
(Ілюстрацыя: партызаны часоў грамадзянскай вайны на тэрыторыі Расейскай Імпэрыі)