Рапарт аб дзейнасьці Місіі БНР у краінах Балтыі – 26.11.1919
У архівах захаваўся рапарт аб працы Вайскова-дыпляматычнае місіі Беларусі ў Балтыцы, падрыхтаваны яе кіраўніком палкоўнікам Кастусём Езавітавым.
Надзвычайнаму Прадстаўніку
Беларускай Народнай Рэспублікі ў Балтыцы
Грамадзяніну К. Душэўскаму
Рапарт
Згодна з запытаньнем Вашым аб працы, зробленай мною ў Балтыцы, маю гонар у кароткім аглядзе пазнаёміць Вас, Грамадзянін Пасол, з найгалаўнейшымі пунктамі гэтай працы.
Назначэньне маё на пасаду Шэфа Вайскова-Дыпляматычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося ў канцы жнівеня месяца гэтага году асобнай пастановай Рады Міністраў БНР, але фармальныя пашнамоцтвы былі атрыманыя мною толькі ў канцы верасьня ў м. Коўне. Гэта затрымала ад’езд мой у Балтыку на цэлы месяц і таму я толькі 1га кастрычніка змог прыехаць у Рыгу. З 1 кастрычніка і пачынаецца мая фактычная праца ў Балтыцы. Пачаў я яе з Латвіі, дзе ў м. Рызе зрабіў сваю Штаб-Кватэру.
У працягу 15 дзён (з 1 па 15 кастрычніка) я:
- Зрабіў у Рызе належныя крокі перад Латвійскім Урадам і дабіўся акрэдытаваньня Місіі ў складзе:
а) Шэфа Місіі Палкоўніка Езавітава
б) Вайсковага Райцы Падпалкоўніка Шолкавага
в) Сакратара Я. Чарапука; - Завязаў добрыя стасункі з латыскім грамадзтвам і прэсай;
- Наладзіў працу Консульства ў Рызе, якое зацьвердзіў у складзе:
а) Часовага Консула Шымковіча
б) Сакратара Цьвяткова
в) Стоража Гаспэра - Падняў справу аб мабілізацыі беларусаў у Латвіі;
- Зрабіў рэгістрацыю беларускага грамадзтва ў Латвіі і арганізаваў “Беларускую Калёнію ў Латвіі”, паставіўшы на чале яе “Беларускую Нацыянальную Раду ў Латвіі”, якую перайменаваў у “Раду Беларускай Калёніі ў Латвіі”;
- Умацаваў грашовае і юрыдычнае становішча “Рады Беларускай Калёніі ў Латвіі”, дазволіўшы ёй карыстацца памяшканьнем Консульства для сходаў і рабіць з рэгіструемых у Консульстве грамадзян зборы на патрэбы Рады;
- Паклаў пачатак вывучэньню грамадзянамі беларускай мовы, гісторыі і пісьменства, перадаўшы ёй добры лік прывезенай з сабой на гэты выпадак літаратуры;
- Быў лёгка паранены, але ні на хвліну не спыніў працы і 15га кастрычніка выехаў у Эстонію, каб тамака правеьці тую ж работу.
У Эстоніі напрацягу тыдня я зрабіў належныя крокі перад Урадам і, змушаны чакаць некаторы час адказу, каб ня траціць часу, выехаў у Фінляндыю, каб і тамака, хаця я і ня меў на гэта мандатаў, зрабіць некаторыя крокі.
У Фінляндыі я быў чатыры дні, за якія:
- Бачыўся два разы зь Міністрам Міжнародных Справаў Фінляндыі, добра паінфармаваў яго ў беларускіх справах і падаў мэмарандум гістарчна-інфармацыйнага сэнса;
- Бачыўся прыватна зь Міністрам Паўночна-Заходняга Ўраду Вялікарасеі Маргуліесам, зь якім меў вялікую размову аб прызнаньні Беларусі незалежнай;
- Утварыў у Тамэрфорсе Рэгістрацыйна-Пашпартны Аддзел Місіі з грамадзянінам Чарвяковым на чале;
- Пазнаёміўся з Генэралам Васількоўскім, які вельмі прыхільна адносіцца да беларускіх справаў і якому я даў паўнамоцтвы на ізысканьне грошай для беларускага войска;
- Даў некаторыя весткі аб Беларусі ў прэсу і выехаў у Рэвель.
У Эстоніі прыйшлося прабыць шмат болей таго, як я думаў, бо явілася патрэбным прыняць удзел ў працы Юр’еўскай Канфэрэнцыі і заняцца справамі беларускага войска. Прабыў я да 1 сьнежня, і за гэты час , ня лічучы таго, што зроблена было ў Фінляндыі, зрабіў гэта:
- Дабіўся акрэдытаваньня Місіі пры Эстонскім Урадзе;
- Завёў вельмі добрыя стасункі з рэвельскай расейскай і эстонскай прэсай, што відно з тых інтэрвію, якія былі імі надрукаваныя;
- Завязаў адносіны з эстонскім і расейскім грамадзтвам;
- Адчыніў у Рэвеле Рэгістрацыйна-Пашпартны Аддзел Місіі з грамадзянінам Шанкат на чале;
- Залажыў у Рэвеле Нацыянальны Беларускі Камітэт, які па сканчэньні рэгістрацыі будзе ператвораны мною ў Раду Беларускай Калёніі ў Эстоніі;
- Дабіўся таго, што, не прызнаючы пакуль што незалежнасьці Беларусі, Урад Паўночна-Заходняй Вялікарасеі пачаў са мной афіцыйныя зносіны;
- Пачаў перамовы з генэрал-маёрам Булак-Балаховічам і дабіўся перахода яго з усім яго атрадам на беларускую службу, як “Асобнага Атрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Эстоніі”;
- Прыняў удзел у працы Юр’еўскай Канфэрэнцыі, дзе меў вялікі посьпех сваёй нашумелай прамовай аб тым, што маленькія адрадзіўшыяся нацыянальнасьці павінны самі ўзяцца за будову свайго жыцьця і долі і зрабіць у Юр’еве другі Парыж;
- Быў запрошаны Эстонскім Урадам і наведаў цэлы шэраг урачыстасьцяў, дзе заўсёды вельмі прыхільна стасаваўся з эстонскімі ўрадоўцамі;
- Пасьля катастрофы арміі генэрала Юдэніча заняўся справамі ўцекачоў, для абслугоўваньня якіх прызначыў асобнага Прадстаўніка Місіі, Л. Міхельсона, у Нарву, які высьветліў колькасьць уцекачоў, зарганізаваў іх у Бежанскі Камітэт, наладзіў снабжэньне іх адзежай і давольсьцьвіем і пачынае наладжваць адпраўку іх на бацькаўшчыну;
- Зьвязаўся з асобнымі беларусамі, раскіданымі па ўсёй Эстоніі, і аб’яднаў іх каля Рэвельскага Рэгістрацыйна-Пашпартнага Бюро;
- З Вамі разам пачаў перагаворы з эстонцамі аб пазычцы на патрэбы Асобнага Атраду БНР, але захварэў і выехаў у Рыгу.
У Рызе тыдзень-паўтара хварэў, а потым зноў прыняўся за працу і да гэтага часу зрабіў гэтае:
- Прывёў у парадак канцылярыю Місіі і грашовую справаздачнасьць;
- Зноў пачаў перагаворы аб мабілізацыі беларусаў;
- Адчыніў у Лібаве Рэгістрацыйна-Пашпартны Аддзел Місіі;
- Наладзіў, як ні адна, здаецца, місія, інфармацыю аб Беларусі ў латыскіх і расейскіх газэтах, для якой патрэбы зрабіў пры Місіі Аддзел Прэсы;
- Увайшоў у сувязь зь місіямі Антанты, у тым ліку і зь Місіяй генэрала Ніссель [кіраўнік Францускай вайсковай місіі ў Расеі];
- Дабіўся таго, што ў дзень нашага нацыянальнага сьвята – 17 сьнежня – ня было ніводнай ні расейскай, ні латыскай газэты, якая б не падкрэсьліла гэты дзень асобным артыкулам;
- У віду таго, што доўгая адсутнасьць Сакратара Місіі Чарапука, які паехаў да Ўраду за грашмі, паставіла Місію ў цяжкае грашовае становішча, зрабіў крокі, каб атрымаць грашовую дапамогу з боку грамадзян Беларускай Калёніі, але пакуль што ня маю на гэтыя крокі адказу.
Цяперашняе становішча даручанай мне справы і місіі гэткае:
Місія складаецца з,
- Мяне, як Шэфа Місіі,
- Сакратара Чарапука,
- Справавода Казячага,
- Кіраўніка Аддзела Прэсы Грузеўскага,
- Кіраўніка Рэгістрацыйна-Пашпартнага Аддзелу ў Фінляндыі Чарвякова,
- Кіраўніка Рэгістрацыйна-Пашпартнага Аддзелу ў Рэвеле Шанкат,
- Асобаўпаўнаважанага па бежанскіх справах у Нарве Л. Міхельсона
- Кіраўніка Рэгістрацыйна-Пашпартнага Аддзелу ў Лібаве Цьвяткова
- Агітатара-Інфарматара ў Асобным Атрадзе БНР у Эстоніі Сарока.
Апрача таго, пад загадам Місіі знаходзіцца:
- Консульства БНР у Рызе, з штабс-капітанам Шымковічам на чале і з 9 служачымі Консульства і
- Прадстаўнік Асобнага Атрала БНР пры Місіі падпалкоўнік Мінгрэльскі, з ад’ютантам паручнікам Юргенсонам і дзелаводам чыноўнікам Сямёнавым.
Беларускіх грамадзян у Балтыцы зарэгістравана некалькі тысячаў.
Шэф Місіі
Палкоўнік Езавітаў
(Архівы БНР, Том 1, Кніга 1, с. 559)