Рэзалюцыя Сэсіі Рады БНР ад 1974 г.: русіфікацыя, правы чалавека ў БССР

30 лістапада 1974 г. Сэсія Рады БНР у выгнаньні прыняла рэзалюцыю, у якой крытыкавалася савецкая акупацыя Беларусі: русіфікацыя, адсутнасьць дэмакратычных выбараў, парушэньні правоў чалавека.

РЭЗАЛЮЦЫЯ 13-АЙ СЭСІІ РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ НА ЧУЖЫНЕ

30 лістапада 1974 г. у Нью-Ёрку, ЗША

Савецкі Саюз – расейская каляніяльная імпэрыя – ужо 56 год зьдзекуецца над беларускім (…) народам.

Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная незалежнай і сувэрэннай дзяржавай 25 сакавіка 1918 году з волі 1800 дэлегатаў 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу – была зьнішчана брутальнай вайсковай сілай Савецкай Расеі 56 год таму назад і дагэтуль знаходзіцца пад яе акупацыяй.

(…)

Праз 56 год у БССР дзяржаўная ўлада ўстанаўляецца фікцыйнымі выбарамі кандыдатаў, вызначаных Масквой, і стала знаходзіцца пад яе выключнай кантроляй.

Пад пратэкстам шырока прапагандаванай “дружбы народаў” і злучэньня ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў адну гэтак званую “савецкую нацыю”, маскоўскі таталітарны рэжым праводзіць русіфікацыю Беларусі. Беларуская мова выцясьняецца з публічнага ўжытку й школьніцтва ды замяняецца расейскай, памяншаецца беларускі друк прэсы й кніжак ды замяняецца расейскім, а беларуская літаратура й мастацтва пазбаўляюцца свайго нацыянальнага зьместу й характару.

Савецкі рэжым праводзіць у Беларусі жорсткі ўціск і дыскрымінацыю беларускага рэлігійнага жыцьця: зачыняе сьвятыні, перасьледуе беларускіх сьвятароў і вернікаў. З тых жа праваслаўных цэркваў, якія ўтрымаліся, маскоўскія заправілы стварылі яшчэ адну прыладу русіфікацыі: гэтым цэрквам не дазволена свая, беларуская праваслаўная юрысдыкцыя зь беларускім япіскапатам, хоць Беларусь і называецца незалежнай і сувэрэннай рэспублікай. Яны падданы пад юрысдыкцыю расейскай праваслаўнай царквы ў Маскве й зроблены асяродкамі русіфікацыі вернікаў.

Ня лепшая доля і ўцалеўшых беларускіх каталіцкіх парафіяў, у якіх праводзіцца палянізацыя. Ім не дазволена мець сваіх беларускіх япіскапаў, як маюць сваіх нацыянальных япіскапаў суседнія рэспублікі. Замест гэтага для беларусаў-каталікоў у Беларусі Масква знайлша юрысдыкцыю за граніцай – польскую каталіцкую юрысдыкцыю кардынала Вышынскага, ведамага палянізатара беларусаў-каталікоў у Польшчы ў Беласточчыне, які ахвотна бярэцца за новы матар’ял для палянізацыі – у Беларусі.

Маскоўскія заправілы стала гвалцяць у Беларусі [Статут Арганізацыі] Задзіночаных Нацыяў і Ўнівэрсальную Дэклярацыю Людзкіх Правоў. Яны трымаюць у поўнай ізаляцыі ад рэшты сьвету насельніцтва БССР, забараняюць эміграцыю ў Амэрыку і іншыя заходнія дзяржавы і толькі ў рэдкіх выпадках пазваляюць некаторым асобам на часовы выезд за граніцу. Нават ліставаньне й культурная сувязь з вольным сьветам перасьледуецца.

Эксплюатацыя Масквой беларускіх натуральных багацьцяў робіцца не на карысьць беларускага народу, а на ўмацненьне расейскага імпэрыялістычнага патэнцыялу, чым павялічваецца небясьпека для ўсяго вольнага сьвету.

Дзеля ўсяго вышэйсказанага мы, 13-я Сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чужыне, пастанавілі:

– асудзіць расейскі імпэрыялізм Савецкага Саюзу за паняволеньне свабодалюбівага беларускага народу, за нялюдзкія зьдзекі савецкай улады над беларусамі і іншымі паняволенымі народамі;

– асудзіць жорсткую савецкую эканамічную эксплюатацыю й русіфікацыю Беларусі, якія праводзяцца пад клічам “дружбы народаў” і ўтварэньня гэтак званай “аб’яднанай савецкай нацыі”, а фактычна адзінай расейскай нацыі;

– прадаўжаць далейшую барацьбу за вызваленьне Беларусі спад маскоўскага ярма;

– заклікаць урад Задзіночаных Штатаў Амэрыкі і ўрады ўсіх дзяржаваў вольнага сьвету, каб асудзілі ўрад Савецкага Саюзу за пагвалчэньне людзкіх правоў у Беларусі й за палітычны, рэлігійны, культурны й эканамічны ўціск яе насельніцтва, ды каб гэтыя дзяржавы ўзалежнілі адпружаньне ў адносінах з Савецкім Саюзам і эканамічнае супрацоўніцтва ад прызнаньня Савецкім Саюзам права на свабодныя зносіны з вольным сьветам і на эміграцыю ў Амэрыку й наагул у вольны сьвет беларусам і іншым падсавецкім народам;

– дамагацца ў Гэнэральнага Сакратара Задзіночаных Нацыяў, каб стварыў адмысловую камісію Задзіночаных Нацыяў, якая б занялася дасьледваньнем каляніяльнай палітыкі Савецкага Саюзу ў Беларусі, а менавіта: гэнацыдам беларускага народу й перасьледваньнем беларускае мовы й культуры; жорсткім рэлігійным уціскам з забаронай утварэньня беларускай праваслаўнай юрысдыкцыі ў Беларусі ды недапушчэньнем беларускага каталіцкага япіскапату для беларускіх каталікоў; фальшывай рэпрэзэнтацыяй Беларусі ў Задзіночаных Нацыях – аднаго зь сяброў-закладчыкаў гэтай арганізацыі – дэлегацыяй гэтак званай БССР, якая рэпрэзэнтуе інтарэсы Масквы, а не Беларусі;

– дамагаецца дапушчэньня ў Задзіночаныя Нацыі дэлегацыі Рады Беларускае Народнае Рэспублікі як абсэрватара.

Прэзыдыюм 13-й Сэсіі Раде Беларускай Народнай Рэспублікі на чужыне

(фота: Прэзыдыюм Сэсіі Рады БНР, 1970-я гады)

You may also like...