САЮЗНАЯ ДЗЯРЖАВА З РАСЕЯЙ СУПЯРЭЧЫЦЬ ІНТАРЭСАМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Саюзная дзяржава

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае занепакоенасьць перамовамі паміж аўтарытарнымі рэжымамі ў Расеі і Беларусі адносна паглыбленьня ўзаемнай інтэграцыі ў рамках так званай “Саюзнай дзяржавы”. Перамовы традыцыйна праходзяць у непразрыстым для грамадзкасьці фармаце і нясуць прамую пагрозу сувэрэнітэту і нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Для аўтарытарнага рэжыму, які пануе ў Расеі, інтэграцыя зь Беларусьсю мае відавочную мэту падтрымаць сваю папулярнасьць з дапамогай нацыяналістычнай мабілізацыі і, магчыма, даць прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну юрыдычную магчымасьць застацца на чале дзяржавы пасьля 2024 году, калі сканчаецца ягоны цяперашні тэрмін паўнамоцтваў.

Прэзыдэнт Расеі Ў. Пуцін у сваіх публічных выказваньнях неаднаразова недвухсэнсоўна адмаўляў права беларускага народу на самастойнасьць і прыніжаў каштоўнасьць беларускае дзяржаўнасьці. Гэта зьяўляецца абразай беларускага народу, і перамовы аб разьвіцьці бліжэйшых сувязяў з Расеяй ня могуць весьціся, пакуль расейскі бок выступае зь непрыхавана шавіністычных і імпэрскіх пазыцыяў.

Рада БНР адзначае наступнае:

  1. Інтэграцыя сам-насам паміж Беларусьсю і Расеяй ня можа насіць раўнапраўны характар у сілу розных памераў краінаў: насельніцтва, эканомікаў, вайсковага патэнцыялу. Разьвіцьцё так званай “Саюзнай дзяржавы” дэ-факта азначае інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі і абнуленьне незалежніцкіх дасягненьняў, якія здабыў беларускі народ за апошнія сто гадоў. Страта незалежнасьці Беларусі будзе азначаць немагчымасьць для беларусаў самастойна кіраваць сваім жыцьцём, самастойна будаваць стасункі са сьветам, бо гэтым ад імя Беларусі будзе зноў займацца Масква.
  2. Пасьля вайсковай агрэсіі супраць Украіны і незаконнай акупацыі і анэксіі часткі сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны Расея ідзе шляхам паглыбленьня сваёй міжнароднай ізаляцыі. Расейскі рэжым накладае абмежаваньні на ўласных грамадзянаў, абмяжоўвае гандаль, паступова ізалюе расейскі сэгмэнт інтэрнэта ад глябальнага сеціва. Інтэграцыя з гэткай краінай непазьбежна будзе азначаць распаўсюд на Беларусь як міжнародных санкцыяў супраць расейскага рэжыму, так і тых абмежавальных мераў, якія расейскі рэжым накладае на ўласных грамадзянаў.
  3. Расея знаходзіцца ў эканамічным крызісе і далучэньне Беларусі распаўсюдзіць крызіс і на нашую краіну, абмежаваўшы магчымасьці Беларусі рэфармаваць уласную эканоміку, прыцягваць інвэстараў, наладжваць каапэрацыю з іншымі краінамі сьвету. Далучэньне да Расеі толькі пагоршыць эканамічнае становішча і дабрабыт беларусаў.
  4. У Расеі пабудаваны аўтарытарны рэжым, які па шматлікіх парамэтрах зрабіўся больш жорсткім, чым рэжым А. Лукашэнкі ў Беларусі. У цяперашняй Расеі адсутнічаюць свабодныя выбары і свабода слова, адбываюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных журналістаў і іншадумцаў. Забойствы палітычных апанэнтаў, якія перасталі быць штодзённасьцю ў Беларусі, сталіся штодзённасьцю ў пуцінскай Расеі.
  5. Далучэньне да Расеі будзе азначаць для беларусаў пэрспэктыву ваяваць за інтарэсы тамтэйшага карумпаванага нацыяналістычнага рэжыма у рамках незаконных вайсковых апэрацый у аддаленых рэгіёнах – Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі, Данбасе і Сырыі, ня кажучы пра ўдзел у новай гонцы ўзбраеньняў, новым безнадзейным для Расеі супрацьстаяньні з усім астатнім сьветам.
  6. Беларускі народ жадае мець добрыя стасункі з усімі сваімі суседзямі, у тым ліку з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі, іншымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу, Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Беларусы хочуць, каб Беларусь была заможнай эўрапейскай краінай, дзе ўсім гарантаваныя дэмакратычныя правы. Анэксія Беларусі з боку аўтарытарнай і беднай пуцінскай Расеі паставіла б крыж на гэтых мэтах.

Рада БНР рашуча адмаўляе любыя абвінавачваньні беларускага дэмакратычнага руху ў так званай “русафобіі”, якія гучаць з боку расейскай нацыяналістычнай прапаганды. Мы шануем расейскую культуру і расейскі народ. Мы жадаем расейскаму народу дабра і вызваленьня ад агрэсіўнага аўтарытарнага рэжыму, які наносіць гіганцкую шкоду ў тым ліку і сваёй уласнай краіне. Як і ўвесь беларускі народ, мы выступаем за ўзаемапаважныя добрасуседзкія стасункі паміж дэмакратычнай Беларусьсю і дэмакратычнай Расеяй.

Рада БНР пацьвярджае свае прапановы, агучаныя ў заяве ад 16 студзеня 2019 году, і заклікае:

– Палітычна актыўных грамадзянаў і дэмакратычныя сілы – плянаваць свае дзеяньні на выпадак абвастрэньня пагрозы незалежнасьці Беларусі. Пры гэтым павінны заставацца ў сіле мэты дэмакратызацыі палітычнага жыцьця і дасягненьня паўнапраўнага статусу беларускае мовы й культуры, забясьпечыць якія павінны ўлады Рэспублікі Беларусь;

– Беларускую дыяспару ў дэмакратычных краінах – зьвяртацца да ўрадаў краін свайго пражываньня па тэме небясьпекі анэксіі Беларусі з боку Расеі, яе заведамай незаконнасьці, а таксама недапушчальнасьці прызнаньня або ігнараваньня гэткае анэксіі міжнароднай супольнасьцю;

– Улады Рэспублікі Беларусь – дэмакратызаваць палітычную сыстэму краіны, а таксама правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя на 2019 і 2020 гады, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Рада БНР заяўляе, што ўладам Рэспублікі Беларусь неабходна спыніць канфрантацыю і перасьлед патрыётаў Беларусі з шэрагаў дэмакратычнай апазыцыі, зрабіць захады дзеля кампрамісу сярод палітычных сілаў Беларусі ў інтарэсах безумоўнай грамадзкай кансалідацыі вакол каштоўнасьцяў незалежнасьці Беларусі.

You may also like...