Віншаваньне з Днём Герояў, 2023 г.
Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, 2023 г.
“Дарагія суродзічы,
Гэтак, як сёньня ўкраінскія героі змагаюцца,каб выратаваць свой край ад нападу з Усходу, гэтак і ў 1920 годзе 10 тысячаў Случчакоў узялі зброю ў рукі, каб бараніць ад расейскай навалы Беларускую Народную Рэспубліку.
Ніхто, нажаль, ім не дапамог – не было ў іх нават і зброі для кожнага змагара, але нашыя героі стрымалі ледзь не на месяц бальшавіцкі напад.
Беларусы ва ўсім вольным сьвеце дасюль кожны год адзначаюць гэты гераічны збройны чын сваіх суродзічаў са Случчыны. З удзячнасьцю адзначае яго і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, кожны год у канцы лістапада ўрачыста прыпамінае сваіх герояў і аддае ім павагу.
Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста, вітаю ўсіх, каму баліць сэрца па героях, якія пайшлі паміраць, каб жыла незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
З захапленьнем узгадваем Вас, дарагія Случчакі, і дзякуем Вам за Вашую мужнасьць, Ваш гераізм, а перад усім – за Вашую бязьмежную любоў да свае зямлі і свайго народу!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады
Беларускай Народнай Рэспублікі
Лістапад 2023″