Станіслаў Булак-Балаховіч
22 лютага 1883 г. на Браслаўшчыне нарадзіўся генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі военачальнік, камандзір Асобнага атраду войскаў БНР у Балтыі, адзін з кіраўнікоў збройнай антысавецкай барацьбы на Беларусі ў 1919-1920 гг.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасьля заканчэньня школы ў Новааляксандраўску (Езяросах) навучаўся ў прыватнай мужчынскай гімназіі Сьв. Станіслава ў Пэтэрбургу. Займаўся сельскагаспадарчай аканамічнай працаю. У 1903 працаваў бухгальтарам у чыгуначных установах. У 1904—1914 гг. працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце графа Плятэр-Зібэрга.
Пасьля пачатку І Сусьветнай Вайны 18 лістапада 1914 прыбыў і залічаны ў сьпісы 2-га Лейб-уланскага Курляндскага палка. 4 чэрвеня 1915 — за адрозненьне ў дзеяннях супраць непрыяцеля атрымаў ранг малодшага унтэр-афіцэра. У ноч з 8 на 9 чэрвеня 1915 падчас выведкі ля вёскі Шапалішкі асколкамі разрыўной кулі быў паранены. 8 ліпеня 1915 атрымаў ранг прапаршчыка. 6 лютага 1916 г. Атрымаў ранг прапаршчыка армейскай кавалерыі. Узнагароджаны шэрагам ордэнаў Расейскай імпэратарскай арміі.
У 1917—1918 гг. ротмістар. Камандэр палка Чырвонай Арміі. 2 лістапада 1918 разам з конным атрадам (два дывізіëны, каля 800 шабель) перайшоў ад чырвоных у белагвардыйскі Пскоўскі корпус. Напачатку 1919 г. камандэр Коннага палка 2-ой брыгады “Асобнага корпуса Паўночнай арміі”, у траўні 1919 г. падпалкоўнік, у чэрвені 1919 палкоўнік. У ліпені полк пад яго камандаваньнем рэарганізаваны ў 2-і корпус Паўночна-Заходняй арміі. Па прапанове генерал-лейтэнанта Арсеньева Булак-Балаховіч атрымаў ранг генэрал-маёра. Пазьней быў пазбаўлены кіраваньнем корпуса, падначалены Арсеньеву. У ноч на 28 студзеня 1920 арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі генэрала ад інфантэрыі Нікалая Юденіча.
14 лістапада 1919 г. Балаховіч склаў просьбу пра атрыманьне беларускага грамадзянства і прыняцьце яго ваеннага аддзела на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. Просьба была прынятая, і вайсковыя фармаваньні пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча атрымалі афіцыйнцую назву як Асобны атрад войскаў БНР у Балтыі.
У лістападзе—сьнежні Асобны атрад заняў частку фронту з чырвонымі каля Ізборску, паміж эстонскай і латышскай арміямі. У студзені-лютым 1920 г. у сувязі зь вядзеньнем перамоваў Эстоніяй і Латвіяй з савецкай Расеяй, размясьціўся ў Марыенбургу (Латвія).
Неўзабаве празь немагчымасьць фінансаваньня з боку беларускіх уладаў аддзел перайшоў пад польскае камандваньне і быў перадысьлякаваны ў Берасьце. Генэрал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контрнаступе на тэрыторыі Беларусі ў верасьні 1920.
Пасьля перамір’я на польска-савецкім фронце, у кастрычніку 1920 г. генэрал Булак-Балаховіч пачаў дзейнічаць самастойна, аб’яднаўшы вакол сябе значную частку беларускіх незалежніцкіх партызанскіх атрадаў і паспрабаваўшы вызваліць тэрыторыю Беларусі, якая засталася пад акупацыяй бальшавікоў. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. жаўнераў, прыкладна напалову складалася зь беларусаў-незалежнікаў і з расейцаў.
10 лістапада яго аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Менск і Гомель. У Мазыры С. Булак-Балаховіч паўторна абвесьціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў «начальнікам Беларускай Дзяржавы». Ад імя свайго кабінэта ён выдаў маніфэст да беларускага народа, у якім гаварылася пра далейшую барацьбу за незалежнасьць Беларусі ў хаўрусе з Польшчай, правядзеньне аграрнай рэформы і скліканьне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэсьленьня дзяржаўнага ладу. Пасьля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі мусілі адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе былі інтэрнаваныя.
Пасьля вайны генэрал Булак-Балаховіч пасяліўся ў Варшаве, займаўся палітычнай дзейнасьцю.
У верасьні 1939 г., пасьля нападу нацыстоўскай Нямеччыны на Польшчу, Балаховіч кіраваў атрадам добраахвотнікаў, якія абаранялі Варшаву ад нацыстаў.
Генэрал Булак-Балаховіч загінуў пры спробе арышту гестапаўцамі ў Варшаве 10 траўня 1940.