Ян Серада – першы Старшыня Рады БНР.
Нарадзіўся 13 траўня 1879 г. у в. Задзьвеі Наваградзкага павету (сучасны Баранавіцкі раён).
У 1903 г. скончыў Варшаўскі вэтэрынарны інстытут. У 1905—1906 гадах служыў у арміі ў Маньчжурыі.
Працаваў вэтэрынарам у Менскай губэрні (1907—1911 гг.), тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы.
Быў мабілізаваны ў час Першай сусьветнай вайны, працаваў вэтэрынарам на фронце.
З 1914 году публікаваўся, выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы.
Сябра Беларускае Сацыялістычнае Грамады.
У сьнежні 1917 г. – Старшыня прэзыдыюму Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. У 1918 годзе – Старшыня Рады БНР.
Сябра ЦК Беларускай Партыі Сацыялістаў-Фэдэралістаў (1918 г.). Уваходзіў у Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт, Прэзыдыюм Найвышэйшай Рады БНР (1919—1920 гг.).
Пасьля ўсталяваньня савецкай улады працаваў у Наркамаце Земляробства БССР. Быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульту (1925—1927) гг., выкладчыкам МБПТ (1921—1925 гг.). Арганізатар і дырэктар Менскага Вэтэрынарна-Заатэхнічнага Тэхнікума (1923—1924 гг.). Дацэнт БСГА у Горы-Горках (ліпень 1925 г. — сьнежань 1929 г.). Навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (з 1927 г.).
4 ліпеня 1930 году быў арыштаваны ГПУ ў сувязі са справай “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы ў Яраслаўль (Расея) тэрмінам на 5 гадоў.
Агулам правёў у ГУЛАГу 13 гадоў.
27 сьнежня 1941 г. паўторна асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 году з Краслага (Краснаярскі край, Расея). Далейшы лёс невядомы.
Па першым прыгаворы рэгабілітаваны 10 ліпеня 1988 г., па другім — 16 студзеня 1989 г.