Другі Статут Вялікага Княства Літоўскага – 01.03.1566
1 сакавіка 1566 набыў сілу Другі Статут Вялікага княства Літоўскага – звод законаў сярэднявечнай беларускай дзяржавы, важны помнік беларускай і эўрапейскай юрыдычнай думкі.
Статут захаваў зь невялікімі зьменамі структуру Першага Статута, які быў прыняты ў 1529 г.
Дакумэнт складаецца з 14 разьдзелаў і 367 артыкулаў:
Першыя 3 разьдзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, вайсковага, адміністарцыйнага права,
4-ы — судовы лад і судовы працэс,
5—6-ы — сямейнае і апякунскае права,
7—9-ы — цывільнае права,
10-ы — лясное і паляўнічае права,
11—14-ы — крымінальнае права.
Найбольш істотныя зьмены адбыліся ў нормах дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.
Статут замацаваў асноўныя прынцыпы права:
- задэкляраванае адзінства права для грамадзянаў,
- дзяржаўны сувэрэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму),
- абмежаваньне ўлады гаспадара (вялікага князя),
- прыярытэт пісанага права.
Упершыню намячалася аддзяленьне суду ад органаў улады і кіраваньня: для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды.
Больш поўна рэглямэнтавалася кампэтэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, якія засноўваліся на агульных прынцыпах фэўдальнага права: стварэньня палёгкаў і перавага для клясы фэўдалаў і стану шляхты, недапушчэньне простых людзей у органы кіраваньня, замацаваньне праўнай няроўнасьці розных сацыяльных групаў насельніцтва.
Наступны, Трэці Статут, выйшаў у 1588 годзе і быў крыніцай права на Беларусі да першай паловы 19. стагодзьдзя.