Уладзіслаў Сыракомля
29 верасьня 1823 г. у Бабруйскім павеце нарадзіўся Ўладзіслаў Сыракомля (сапр. Людзьвік Кандратовіч), беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнаўца.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. У 1833 распачаў навучаньне ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы, якую расейскія ўлады зачынілі ў 1835. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку (1836—1837). У 1840 уладкаваўся на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі.
Пасьля жаніцьбы ў 1844 г. пераехаў у фальварак Залучча (цяпер Стаўпецкі раён). У верасьні 1852 пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У красавіку 1853 пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчына каля Вільні.
У 1856—1858 неаднаразова выяжджаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасьля гэтых паездак расейскія ўлады ўсталявалі за Л. Кандратовічам сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 выступіў на патрыятычнай маніфэстацыі ў Коўне зь вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху яго арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у часе сьледзтва. Пахавалі паэта на віленскіх могілках Росы ў Вільні.
Зьвяртаўся да гісторыі Беларусі, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу, паэтызаваў гераічнае мінулае продкаў. Дэбютаваў вершам «Паштальён» (1844), паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…».
Як добры знаўца фальклёру, вуснай паэзіі беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856). Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) і інш.
Пісаў па-польску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і лірычная мініятура «Ужо птушкі пяюць усюды».
Зьяўляецца аўтарам некалькіх п’есаў, якія ставіліся віленскім тэатрам. З драматычных твораў У. Сыракомлі найбольшай папулярнасьцю карысталася п’еса «Kasper Kaliński».
Перакладаў на польскую мову творы разнастайных расейскіх, францускіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных працаў — пераклады твораў Гётэ, Гайнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Бэранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы.
Зьяўляецца аўтарам двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы» (1851—1852) і іншых твораў.
У Барэйкаўшчыне працуе музэй-бібліятэка Ўладзіслава Сыракомлі, ягонае імя носяць вуліцы ў Менску і Нясьвіжы. У Варшаве у гонар паэта названыя адразу дзьве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Ўладзіслава Сыракомлі.