Усяслаў Чарадзей
24 красавіка 1101 памёр князь Усяслаў Брачыславіч, вядомы як Усяслаў Чарадзей – князь Полацкі, вялікі князь Кіеўскі, адзін з найбольш выбітных беларускіх валадароў часоў сярэднявечча.
Пры Ўсяславе адзначаецца найвышэйшы ўздым і тэрытарыяльнае пашырэньне Полацкага княства. За ўвесь час ад сьмерці Яраслава Ўладзімеравіча ў 1054 годзе да Мангольскай навалы ў 30—40-я гады XIII ст. ён быў адзіным князем, які заняў кіеўскі вялікакняскі пасад, ня будучы Яраславічам.
Усяслаў нарадзіўся прыкладна ў 1029 г. і зрабіўся полацкім князем У 1044 годзе, маючы 15—16 гадоў. На працягу першых 16 гадоў крыніцы не паведамляюць пра Полаччыну і дзейнасьць маладога князя.
На Верхнім замку ў Полацку Ўсяслаў будуе новы замак-дзядзінец і славуты Полацкі Сафійскі сабор, таксама распачалося ўзьвядзеньне іншых манумэнтальных збудваньняў. У якасьці ўзору для сабора князь абраў канстантынопальскую Сафію. Раней чым у Полацку аналягічныя будынкі зьявіліся толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе.
У 1065 годзе пачалася другая вайна паміж Кіевам і Полацкам. Усяслаў хадзіў паходам на Пскоў, потым — на Ноўгарад, які яму ўдалося захапіць.Затым ён захапіў Наваградак. У адказ на гэта тры кіеўскія князі, браты-суваладары, нашчадкі Яраслава Мудрага, павялі свае войскі на Менск. Крывавая бітва адбылася на рацэ Нямізе, у сувязі зь якой у летапісах упершыню згадваецца Менск. Яраславічы не адважыліся ісьці на Полацак і праз 4 месяцы пасьля бітвы запрасілі Ўсяслава на перамовы. Па прыбыцьці на перамовы Усяслава схапілі і адвезьлі ў Кіеў, дзе разам з двума малалетнімі сынамі кінулі ў вязьніцу-поруб.
Усяслаў прабыў у зьняволеньні больш за 14 месяцаў. Але ў гэты час на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы, разьбілі войска Яраславічаў, і тыя ў паніцы зьбеглі хавацца ў розныя гарады сваёй дзяржавы. Абураныя іх паводзінамі кіяне ўзьнялі мяцеж, выпусьцілі зь вязьніцы Ўсяслава Чарадзея з сынамі і пасадзілі полацкага князя на кіеўскі пасад.
На вялікакняскім прастоле Ўсяслаў прабыў сем месяцаў. За гэты час ён разьбіў полаўцаў, учыніў паход на Тмутаракань. Аднак неўзабаве зьявіўся выгнаны ў час мяцяжу з Кіева Ізяслаў Яраславіч з набраным у Польшчы войскам, пасьля чаго Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак.
Неўзабаве кіеўскі князь Ізяслаў вярнуў сабе пасад і зноў напаў на Полацкія землі. Не пасьпеўшы арганізаваць добрую абарону Полацку, Усяслаў Чарадзей пакінуў горад і знайшоў прытулак у племені водзь, дзе зьбіраў сілы, каб вярнуць страчаную ўладу. У 1068 годзе на чале водзкага войска ён зьявіўся пад Ноўгарадам. У баі з наўгародцамі Ўсяслаў трапіў у палон, але неўзабаве яго зь невядомых прычынаў адпусьцілі.
У 1071 годзе, сабраўшы войска з прадстаўнікоў балцкіх плямёнаў, Усяслаў урэшце вярнуў свой полацкі пасад.У тым жа годзе ён здзейсніў няўдалы паход на Менск, а праз шэсць гадоў – на Ноўгарад.У адказ на гэта кіеўскія і чарнігаўскія князі ў 1077 і 1078 гадах нападалі на Полацк, але няўдала.Пасля паражэння ў 1078 году яны разрабавалі частку Полацкага княства.Усяслаў адказаў на гэта паходам на Смаленск і разрабаваннем часткі Чарнігаўскага княства.
Да 1084 году кіеўскія князі неаднаразова спрабавалі захапіць Полацак і скінуць Усяслава з пасаду. Але полацкі князь адстаяў свае землі і трывала трымаўся на стальцы сваіх бацькоў.
Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву Ўсяслава з 1084 году да самай яго сьмерці (1101) Полацкае княства існавала бяз войнаў, Полацак разьвіваўся як гандлёвы і культурны цэнтар.
Ілюстрацыя: карціна Язэпа Драздовіча (1920 г.)