XXIV Сэсія Рады БНР

У амэрыканскім горадзе Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі, адбылася 25-га кастрычніка 2003-га году 24-я сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сэсія заслухала справаздачы Старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, сяброў Прэзыдыюму ды старшыняў сэктараў. Былі абмеркаваныя арганізацыйныя пытаньні. Сэсія зацьвердзіла прыняцьце пяцёх новых сяброў Рады. Шмат увагі было аддадзена абмеркаваньню палажэньня ў Беларусі, а таксама інфармацыйнай і палітычнай дзейнасьці сяброў Рады ў заходніх дзяржавах.

На становішча Старшыні Рады на наступны шасьцігадовых перыяд была абраная ізноў сп-ня Івонка Сурвілла. Сэсія абрала Прэзыдыюм Рады амаль у ранейшым складзе. У прынятым звароце да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы пакладзены акцэнт на захаваньні дзяржаўнай незалежнасьці, свабодзе эканамічнай дзейнасьці й цэнтральнай ролі нацыянальнае культуры ў дзяржаўным будаўніцтве.

Газэта “Беларус”, #490 Лістапад 2003 г.

ЗВАРОТ

Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы,
прыняты на 24-й Сэсіі Рады БНР

Паважаныя суайчыньнікі!

Беларуская дзяржава сёньня апынулася перад крытычным выбарам шляху ў будучыню. Кардынальным застаецца пытаньне прынцыпу дзяржаўнага будаўніцтва. Рада БНР цьвёрда перакананая, што беларускі народ здолее дамагчыся максымальнага эканамічнага і культурнага дабрабыту толькі ў сваёй дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай дзяржаве. Гэтая ідэя закладзеная ў трэцяй Устаўной Грамаце Рады БНР, якою была абвешчаная незалежнасьць Беларусі 25 сакавіка 1918 году. Далейшая беларуская дзяржаўнасьць – Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь – была і застаецца ў вялікай меры пазбаўленай галоўнага фактару ў дзяржаўным будаўніцтве – свабоды эканамічнай дзейнасьці ды свабоды разьвіцьця нацыянальнай культуры.

На прынцыпе незалежнасьці й свабоды культурнага разьвіцьця пабудаваныя ўсе дэмакратычныя грамадзтвы сьвету. Гэтая ісьціна застаецца ў сіле на далейшыя часы і для беларускага дзяржаўнага разьвіцьця. Яе трэба ўсьведаміць сабе, намагацца ўводзіць яе ў практыку, у штадзённы быт. Да поўнага ўжыцьцёўленьня гэтай ісьціны доўгая дарога, але чым раней і чым шырэй укарэніцца яна ў беларускім грамадзтве, тым хутчэй дарога будзе пройдзеная, тым хутчэй наладзіцца нармальны быт і аптымальны дабрабыт.

А таму Рада БНР зьвяртаецца да ўсіх суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы з заклікам спрыяць ўсьведамленьню, што ніякія дзяржаўныя саюзы, пагатоў саюз зь імпэрскай сваімі палітычнымі інстынктамі Расеяй, не прынясуць беларускаму народу выгодаў, наадварот – будуць уцягваць толькі ў чужыя міжнародныя афэры й канфлікты. Будаўнікі беларускай дзяржавы павінны трымацца дэвізу: жывём, супрацоўнічаем, гандлюем з усімі ў згодзе, але захоўваем незалежнасьць.

На пачатку мінулага стагодзьдзя прарок Беларускага Адраджэньня Янка Купала заклікаў “маладую Беларусь” заняць “свой пачэсны пасад між народамі”. На пачатку новага стагодзьдзя Рада БНР кажа: ня можа быць пачэснага пасаду між народамі ў дзяржавы, у якой няма пачэснага месца незалежнасьці, свабодзе эканамічнай дзейнасьці й свабодзе нацыянальнай культуры. Быць на “пасадзе” між народамі значыць выконваць свой маральны й ганаровы абавязк – рабіць уклад у сусьветную скарбніцу культуры. А ці можа сёньня рабіць свой адпаведны ўклад у гэтую скарбніцу Беларусь, дзе ў загоне нацыянальная мова як цэнтральны элемэнт культуры? Вось – пытаньне веку. Пытаньне ўсім грамадзянам РБ, а найперш і найбольш моладзі, пра якую Янка Купала ў сваім вершы казаў: “На цябе, наша моладзь, надзея”.

Беларуская моладзь! Шануй і беражы сваю нацыянальную мову, карыстайся ёю як мага шырэй. Бяры прыклад з моладзі іншых народаў. Імкніся пазнаваць праўдзівую гісторыю Краіны. Будзь вартая сваіх вялікіх продкаў-патрыётаў Бацькаўшчыны.

Рада-ж БНР і надалей застаецца носьбітам ідэі незалежнасьці Беларусі й будзе рабіць усё магчымае дзеля ўжыцьцёўленьня гэтай ідэі.

Жыве Беларусь!

You may also like...