АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НЯСЕ АСАБІСТУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА ГІБЕЛЬ ДЭМАНСТРАНТА Ў БЕЛАРУСІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае свае шчырыя спачуваньні і смутак у сувязі з пацьверджанай гібельлю ўдзельніка акцыяў пратэсту ў Менску.
Санкцыянаваўшы выкарыстаньне зброі і спэцсродкаў супраць дэманстрантаў, Аляксандар Лукашэнка нясе асабістую адказнасьць за гэтую трагедыю.
Рада БНР рашуча асуджае фальсыфікацыі вынікаў выбараў і гвалт супраць мірных дэманстрантаў, якія выйшлі пратэставаць супраць парушэньняў выбарчага законадаўства і супраць узурпацыі ўлады.
Па ўсіх прыкметах, Аляксандар Лукашэнка пацярпеў паразу на выбарах і ня можа лічыцца легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.
Рада БНР заклікае да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і да правядзеньня новых сумленных прэзыдэнцкіх выбараў па агульнапрынятых дэмакратычных стандартах і без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.
Рада БНР выказвае сваю салідарнасьць зь мірнымі пратэстамі ў Беларусі і заклікае беларусаў у замежжы да актыўнага пратэсту з мэтаю данясеньня інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі да ўрадаў замежных краінаў.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць максымальны ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтаю спыненьня тэрора супраць беларусаў і правядзеньня новых, свабодных, выбараў.