РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА Ў КУРАПАТАХ: ЗАЯВА

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі занепакоеная чарговым наступам на Курапаты – месца расстрэлаў ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

У Курапатах з канца 1930-х па 1941 год былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч людзей – у іх ліку і некаторыя заснаваньнікі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўрочышчы гвалтоўна скончыўся зямны шлях ня толькі прадстаўнікоў беларускай эліты, але і рабочых, сялянаў – і таму гэтае злачынства мае прыкметы генацыду над нацыяй.

Курапаты – ня толькі месца смутку, але і сымбаль адраджэньня нацыі, бо менавіта іх адкрыцьцё ў канцы 1980-х гадоў абудзіла беларускі народ і ўзьняло яго на барацьбу за аднаўленьне Незалежнасьці.

У 1988 годзе Рада БНР спрычынілася да распаўсюду ў сьвеце інфармацыі адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Тады вядучыя выданьні сьвету зьмясьцілі публікацыю пра раскопкі пад Менскам, і гэта выявіла перад сьветам сапраўднае, антычалавечае аблічча савецкай улады.

У 2001-2002 гадох Рада БНР падтрымала абаронцаў Курапатаў, якія дамагліся спыненьня будаўніцтва аўтарстрады праз урочышча.

Сёньня, выказваючы падтрымку самаахвярнай беларускай моладзі і яе імкненьню захаваць недатыкальнасьць сьвятога для ўсіх патрыётаў месца, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае спыніць якое-кольвек будаўніцтва ў межах раней вызначанай ахоўнай зоны.

Курапаты маюць агульнанацыянальнае значэньне для Беларусі і павінны быць адным з галоўных мэмарыяльных месцаў у нашай краіне, нароўне з Хатыньню і Малым Трасьцянцом. Будаўніцтва на тэрыторыі ўрочышча Курапаты – на магілах тысячаў нашых землякоў, бязьвінных ахвяраў таталітарнага рэжыму – зьяўляецца злачынствам супраць памяці продкаў, супраць Беларусі і беларускага народу. Ніякімі камэрцыйнымі або іншымі інтарэсамі такое будаўніцтва ня можа быць апраўданае.

You may also like...