Дэмакратызацыя – адзіная гарантыя незалежнасьці Беларусі. Заява Рады БНР
У апошнія тыдні актывізавалася грамадзкая дыскусія вакол пагрозаў незалежнасьці Беларусі з боку Расейскае Фэдэрацыі. Зважаючы на аналіз сытуацыі, а таксама:
– Канстатуючы, што ў нацыянальных інтарэсах Беларусі – рэформа эканамічнай мадэлі краіны і выхад з усіх інтэграцыйных аб’яднаньняў з Расеяй, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве – будаўніцтва з будучай дэмакратычнай Расеяй раўнапраўных, рынкавых, добрасуседзкіх адносінаў, заснаваных на ўзаемнай павазе;
– Улічваючы, што саюзная дамова зь цяперашняй Расеяй не адлюстроўвае волю беларускага народу, які жадае добрых і шчыльных адносінаў з усімі сваімі суседзямі, у тым ліку з Украінай і краінамі Эўрапейскага Зьвязу;
– Улічваючы, што ўлады Рэспублікі Беларусь не паведамляюць грамадзтву пра канкрэтныя зьмест і вынікі перамоваў паміж А. Лукашэнкам і Ў. Пуцінам у канцы 2018 году, што стварае глебу для спэкуляцыяў і спрыяе росту напружанасьці, а таксама ўлічваючы, што цягам апошняга месяцу маюць месца спробы маніпуляваньня публічнай дыскусіяй з боку дэструктыўных палітычных сілаў у Расеі і ў Беларусі, да якіх беларускае грамадзтва павінна ставіцца разважана і акуратна;
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі заклікае:
– Палітычна актыўных грамадзянаў і дэмакратычныя сілы – плянаваць свае дзеяньні на выпадак абвастрэньня пагрозы незалежнасьці Беларусі. Пры гэтым павінны заставацца ў сіле мэты дэмакратызацыі палітычнага жыцьця і дасягненьня паўнапраўнага статусу беларускае мовы й культуры, забясьпечыць якія павінны ўлады Рэспублікі Беларусь;
– Беларускую дыяспару ў дэмакратычных краінах – рыхтавацца да актыўнае асьветніцкае працы ў краінах свайго пражываньня па тэме незаконнасьці гіпатэтычнай анэксіі Беларусі з боку Расеі і недапушчальнасьці прызнаньня або ігнараваньня гэткае анэксіі міжнароднай супольнасьцю;
– Улады Рэспублікі Беларусь – дэмакратызаваць палітычную сыстэму краіны, а таксама правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя на 2019 і 2020 гады, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Рада БНР заяўляе, што ўладам Рэспублікі Беларусь неабходна спыніць канфрантацыю і перасьлед патрыётаў Беларусі з шэрагаў дэмакратычнай апазыцыі, зрабіць захады дзеля кампрамісу сярод палітычных сілаў Беларусі ў інтарэсах безумоўнай грамадзкай кансалідацыі вакол каштоўнасьцяў незалежнасьці Беларусі.
Рада БНР зьвяртае ўвагу на тое, што юрыдычная сіла дакумэнтаў аб стварэньні так званае “саюзнае дзяржавы”, падпісаных раней ці маючых быць падпісанымі ў будучыні, павінна быць пастаўленая пад сумнеў, калі іхным падпісантам зь беларускага боку выступае асоба, якая займае пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не па выніках дэмакратычных выбараў.
Рада БНР заяўляе, што дэмакратычныя выбары, павага да правоў чалавека і свабода слова – гэта адзіны магчымы шлях да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і да выхаду зь міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь знаходзіцца апошнія дзесяцігодзьдзі.
16 студзеня 2019 г.