Зварот Старшыні Рады БНР з нагоды пратэстаў у Беларусі
Даражэнькія мае суродзічы!
Дазвольце выказаць вам маё захапленьне вашай адвагай, вашай упэўненасьцю і адначасна вашай памяркоўнасьцю.
Ганаруся кожным і кожнаю з вас! Вашая прысутнасьць на вуліцах беларускіх гарадоў, сёньняшнія забастоўкі, усе вашыя высілкі, каб дамагчыся зьменаў бяз гвалту, паказваюць усяму сьвету, які сьпелы, годны і цывілізаваны беларускі народ! Беларусы заслугоўваюць павагу і падтрымку ня менш, як іншыя народы Эўропы.
Прадаўжайце дамагацца вызваленьня ўсіх палітвязьняў, дамагацца справядлівых выбараў і неўмяшальніцтва Расеі ў вашае жыцьцё. Уладзімір Пуцін будзе старацца скарыстаць з падзеяў у Беларусі, каб памагчы дыктатару ўзамен на саюзную дзяржаву. Будзьце асьцярожныя. Маскоўскі дыктатар ні ў чым ня лепшы ад вашага! Не дазвольце яму ў ніякім выпадку турбаваць вас.
Беражыце сваё здароўе! Вам трэба перажыць гэты час моцнымі, каб магчы прадаўжаць барацьбу за лепшую Беларусь!
Люблю вас! Памажы вам Божа!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР