Зварот ураду БНР перад сыходам немцаў – 29.11.1918
29 лістапада 1918: зварот Рады народных міністраў напярэдадні сыхода нямецкіх акупацыйных войскаў
Ад Рады Народных Міністраў
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымаўшая свае паўнамоцтвы ад Беларускаго Народу на Ўсебеларускім Зьездзе, у граматах з 9 і 25 марца 1918 году апавесьціла, што ўся ўласьць на Беларускай зямлі пераходзіць у рукі народу. Зямля, лясы і прыроднае багацьце краю былі аб’яўлены народным меньнем.
У сьлед за гэтым Рада прыступіла да будаваньня незалежнай Беларускай Дзяржавы на асновах, устаноўленых Устаўной Граматай з 25 марца г.г.
Нямецкая окупацыя прыпыніла гэта работу і зрабіла немагчымай перадачу ўласьці ў рукі Народу і разьвязку зямельнаго пытаньня на справядлівых асновах.
Цяпер, калі Народ Нямецкі завёў новы лад на сваёй зямлі, і окупацыйныя войскі пакідаюць наш край, настаў мамэнт, каб Народ Беларускі, соткі гадоў пакутаваўшы ў чужацкай няволі, стаўся поўным гаспадаром на сваёй вольнай і незалежнай зямлі.
Беларускі Ўрад, зложаны з прадстаўнікоў усіх беларускіх соцыялістычных партый і ўпаўнамочаны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, кліча Народ Беларускі выкарыстаць гэты асаблівы мамэнт – мамэнт зьніштажэньня старога ладу вольнымі народамі.
Няхай усе грамадзяне Беларусі гуртуюцца навакол Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускага Ўраду і твораць на ўсёй Беларусі свае валасныя, павятовыя і мястовыя Беларускія Рады, каб арганізаваны народ запраўды мог узяць у свае рукі ўласьць у сваёй старонцы.
Цьвёрда стоючы на грунце здабыткаў рэвалюцыі, Беларускі Ўрад усемі сіламі будзе паддзержываць на нашай зямлі лад, кіруючыся да таго, каб згодна з законамі, выдаванымі правадаўчымі установамі Беларускай Народнай Рэспублікі, глаўнае багацьце народу – лясныя абшары – перайшлі на ўласнасьць краю, каб тыя, хто сваёй працай на ральлі корміць увесь край, былі справядліва надзелены зямлёй, каб узмацавалася наша незалежная Беларуская Рэспубліка, і каб чужыя нам людзі ізноў не запанавалі над намі.
Беларускі Ўрад будзе рупіцца перш за ўсё аб тым, каб чым хутчэй сабраўся Ўстаноўчы Сойм Беларусі і каб чым хутчэй наш народ сам завёў на сваёй зямлі праўдзівую волю для ўсіх яе грамадзян.
Рада Народных Міністраў
Беларускай Народнай Рэспублікі
Менск, 29 лістапада 1918 г.