Антон Сокал-Кутылоўскі
7 лютага 1892 г. у Пінскім павеце нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі – адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, беларускі вайсковец, праваслаўны сьвятар, вязень ГУЛАГ.
Нарадзіўся ў сям’і беларускага шляхціца. У 1910 скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю, працаваў настаўнікам на землях сучаснай Летувы.
З 1913 па 1915 год у Петраградзе навучыўся на політэхнічных курсах, дзе атрымаў спэцыяльнасьць «тэхнік сельскага вогнестойкага будаўніцтва». Скончыў геаграфічны факультэт Пэтэрбурскага ўнівэрсытэту ў 1914.
У 1915 годзе прызваны ў расейскую армію. У 1916 годзе пасьля Казанскай вайсковай вучэльні накіраваны на фронт Першай сусьветнай вайны. Удзельнічаў у баях пад Вільняй і ў Галіцыі. Унтэр-афіцэр, прапаршчык, капітан. Узнагароджаны Георгеўскім крыжам.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 жыў на сваім хутары. У жніўні 1918 паехаў да войскаў генэрала Денікіна ў Растоў-на-Доне. Ваяваў у яго частках са жніўня 1918 да студзеня 1919. Пасьля ізноў вярнуўся дахаты. Прызваны ў Чырвоную армію напачатку 1919. Прызначаны на працу ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце, адкуль праз 2 месяцы дэзэртаваў.
Прабраўся ў Прыбалтыку да войска ген. Юденіча. Камандаваў ротай пад Петраградам. Пасьля паразы Юденіча да лета 1920 жыў у Эстоніі, бяз працы і грошай.
Улетку 1920 здолеў прыехаць у Гарадзею, дзе на той час жыла жонка.
Прыняў ўдзел у Слуцкім збройным чыне 1920 г. У сьнежні 1920 прызначаны камандзірам Слуцкай брыгады. Пасьля паразы паўстаньня перайшоў разам з жаўнерамі савецка-польскую мяжу і да траўня 1921 знаходзіўся ў лягеры інтэрнаваных.
Захоўваў у сябе да 1921 году архіў Слуцкай брыгады. Пасьля перавёз яго ў Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу.
Таксама ён зьберагаў Сьцяг Першага Слуцкага Палка. Улетку 1921 году хацеў перадаць сьцяг на захаваньне ў царкву япіскапу Пінскаму Панцеляйману (Ражноўскаму), які, будучы адхілены ад кіраваньня япархіяй, служыў на той час у Наваградку. Але апошні адмовіўся браць. Сьцяг у Сокал-Кутылоўскага сканфіскавала польская паліцыя ў 1931 падчас ператрусу.
24 чэрвеня 1921 высьвячаны біскупам Панцялейманам (Ражноўскім) на праваслаўнага сьвятара. У міжваенны пэрыяд працаваў у парафіях Наваградзкага і Слонімскага паветаў (в. Вострава) і настаўнічаў у школе. Быў прызначаны Дзятлаўскім благачынным. Выказваўся за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэньнях Праваслаўнай Царквы, спрычыніўся да пабудовы храму ў м. Лыскава.
Супрацоўнічаў з Часовай беларускай Радай, якая трымалася антыкамуністычных пазыцыяў. На зьезьдзе, які Рада склікала ў Вільні 26-28 чэрвеня 1926 выступаў з дакладам па рэлігійных пытаньнях. Быў абраны ў склад сябраў Беларускай нацыянальнай рады.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР спыніў сьвятарскае служэньне і працаваў тэхнікам на будоўлі ў Баранавічах.
Арыштаваны НКВД БССР 19 чэрвеня 1941, за тры дні да нападу Нямеччыны на СССР. Быў зьмешчаны ў камэру сьмяротнікаў баранавіцкай турмы Крывое кола. Дзякуючы нападу немцаў на СССР вызваліўся зь вязьніцы — здолеў ўцячы з падпаленай турмы. Жонка і дзеці былі высланыя ў гэты час зь Беларусі.
Да кастрычніка працаваў у Баранавічах у гарадзкой управе памочнікам начальніка аддзела сацыяльнага забесьпячэньня. З кастрычніка 1941 да лета 1944 інспэктар беларускіх школаў у Ганцавічах. Зьяўляўся кіраўніком камітэту Беларускай самапомачы ў Ганцавічах. Па сьведчаньнях — сябар падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. — намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса.
Летам 1944 зьехаў у Прагу, пасьля ў Нямеччыну. Выкладаў у школе афіцэраў БКА, падпалкоўнік. 18 красавіка 1945 — камандзір 1-га беларускага палка. Разам з дывізіяй «Беларусь» на заходнім фронце здаўся амэрыканцам.
30 красавіка 1945 арыштаваны савецкаю контарвыведкаю «СМЕРШ» у лягеры для рэпатрыянтаў, вывезены ў СССР.
З 1945 да лістападу 1947 — у Паўночнапячэрскім лягеры.
27 кастрычніка 1947 яго справу запатрабавала УНКГБ па Пінскай вобласьці. 20 красавіка 1948 Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня на падставе арт.63-1 УК БССР і ар.64, а таксама паразы ў правох на 5 год без канфіскацыі маёмасьці з-за яе адсутнасьці.
Амніставаны ў лістападзе 1957 г. Нейкі час жыў у стрыечнай сястры ў Ганцавічах пад наглядам савецкіх спэцслужбаў.
Пазьней выехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін (Польшча), дзе жыла дачка. Тамака памёр у 1983 годзе і пахаваны на Цэнтральных могілках г. Шчэцін (Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr. grobu 6).
Пакінуў ўспаміны:
Mае ўспаміны аб Слуцкім збройным змаганні з бальшавікамі ў 1920 годзе
Антон Сокал-Кутылоўскі
He пазьней за 7 сьнежня 1944 г.
Я маю шчасьце і гонар сёньня падзяліцца з вамі сваімі асабістымі ўспамінамі, што мне давялося чуць, бачыць і перажываць ў зьвязку з Слуцкімі падзеямі.
24 гады таму назад у лістападзе месяцы 1920 году невялікая кучка інтэлігенцыі і сялян Случчыны ўхапілася за аружжа і кінулася фанатычна бараніць сваю мілую Случчыну ад бальшавіцкай навалы.
Ці ж ня былі дарэмнымі тыя ахвяры, якія нацыянальна-сьведамыя случакі злажылі на аўтар свае дарагое Бацькаўшчыны, бяручы ўдзел у змаганьні? Што ж змусіла гэтую невялічкую кучку людзей выступіць са зброяй у руках супроць непараўнальна большае сілы ворага?
Каб на гэтыя пытаньні даць сапраўдны адказ, прыходзіцца сягнуць некалькі назад, у гісторыю царскае Расеі астатніх 20 год. Як ведама, пры расейскім урадзе ня было нават і мовы пра Беларусь. Расейская гісторыя гэткае назвы ня знала. Замест беларусаў, ісконных жыхароў свае Бацькаўшчыны, значыліся “жители Северо-Западного края России”. Ясна, калі не вызнавалі беларускага народу, то ня вызнавалі і беларускае мовы, а, значыць, ня лічылі за патрэбнае і адчыняць беларускія школы, і друкаваць беларускія кнігі, газэты ды разьвіваць беларускую літаратуру. Беларускі народ, на думку русіфікатараў, павінен быў паступова забыць сваё паходжаньне і нацыянальна сканаць.
Рэвалюцыя 1905 году ўскалыхнула разам з іншымі народамі і наш беларускі народ. Пачынаючы ад 1906 году, пачала выходзіць у Вільні 1-я беларуская газэта “Наша Доля”. Праўда, па выпуску некалькі нумароў яна сканала за сваю выразна пастаўленую ідэалёгію – змагацца за зямлю і волю свайго народу аж да адзысканьня незалежнасьці. На яе месца зьявілася новая газэта – “Наша Ніва”, якая праводзіла незалежніцкую думку беларускага народу ў асобах яго лепшых прадстаўнікоў – пісьменьнікаў, літаратараў, паэтаў і грамадскіх дзеячоў. Думка іхная праводзілася ў самую гушчу народную, асабліва пры дапамозе народных настаўнікаў-беларусаў, хаця і працуючых у школах рускіх.
Навакол “Нашае Нівы” пачалі гуртавацца выдатныя сілы, якія ўсьведамлялі народ імкнуцца заняць па праву тое месца сярод іншых народаў, якое беларускі народ займаў у часы свайго незалежнага жыцьця, у тыя часы, калі беларускі народ быў багаты і слаўны, знаны далёка, як кажа паэт Янка Купала, “за літоўскай і ляшскай зямлёю”.
1-ая сусьветная вайна 1914-1918 гадоў шмат затрымала далейшае разьвіцьцё дзяржаўнага руху, бо беларусы ў сілу ваенных падзеяў былі расьцярушаны па ўсёй амаль царскай імпэрыі. Праўда, ужо пры нямецкай ваеннай акупацыі ў большай частцы Беларусі, хаця і з вялікімі цяжкасьцямі, але пачалі ў 1915 годзе адчыняцца (на Горадзеншчыне і Віленшчыне) школы зь беларускаю выкладоваю моваю.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 году дала вялікую мажлівасьць да нацыянальнага гуртаваньня. Па ўсіх вайсковых частках, дзе толькі мелася пэўная значная колькасьць жаўнераў-беларусаў, арганізоўваліся нацыянальныя беларускія гурткі, з мэтаю аб’яднаньня беларусаў, каб, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, ужо ў арганізаваным выглядзе, прыступіць да адбудовы свае дзяржаўнасьці.
25, 26 і 27-га сакавіка на зьезьдзе ў Менску ад усіх беларускіх арганізацыяў было ўхвалена дамагацца перабудовы Расейскае імпэрыі, у якой Беларусь заняла б месца аўтаномнай рэспублікі. На тым зьезьдзе выбралі Беларускі Нацыянальны Камітэт. Хутка там жа, у Менску, утварылася Вялікая Беларуская Рада, якая ўзяла на сябе агульнае народнае прадстаўніцтва.
У шмат якіх гарадох, дзякуючы рэвалюцыйнаму ўздыму, адбываліся беларускія зьезды і закладалася шмат розных беларускіх арганізацыяў. Усё гэта вымагала стварэньня адзінага кіраўнічага органу і заняцьця беларускім народам выразнаакрэсьленага становішча.
Тады зьявілася думка – склікаць Усебеларускі Кангрэс, у якім узялі б удзел прадстаўнікі ад усіх гарадоў і паветаў Беларусі, а таксама ад розных партыяў і палітычных кірункаў.
Склікала Ўсебеларускі кангрэс Вялікая Беларуская Рада. Кангрэс адчыніўся ў Менскім гарадскім тэатры 5-га сьнежня 1917 году. Усіх дэлегатаў прыехала з усіх куткоў Беларусі 1167 чалавек[1]. За старшыню Зьезду абралі дацэнта Івана Сераду. Зьезд-Кангрэс праводзіў сваю працу два тыдні. Калі бальшавікі спасьцераглі, што бальшыня дэлегатаў зьезду стаіць на дзяржаўным гледзішчы, дык ужо 17-га сьнежня бальшавікі абставілі панцырнікамі і кулямётамі будынак Менскага Шляхецтва, у вялікай залі якога адбываўся Кангрэс, і сілаю аружжа, уварваўшыся ў будынак, пачалі разганяць дэлегатаў Кангрэсу. Нягледзячы на гэта, Кангрэс пасьпеў вылучыць спасярод сябе Раду Кангрэсу, якая потым ператварылася ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Лёс як сябраў Рады, так і Кангрэсу ўсім добра вядомы: хто ня быў забіты або арыштаваны, змушаны быў уцякаць за межы або хавацца сярод неабсяжных беларускіх пушчаў і балотаў.
19-га лютага 1918 году Беларуская Рада ўзяла ўладу ў Менску ў свае рукі, і калі 25-га лютага нямецкія войскі занялі Менск, дык Рада працягвала сваю працу. На паседжаньні 25-га сакавіка 1918 году выдана III Устаўная Грамата, якая абвесьціла Беларусь Незалежнай Народнай Рэспублікай, аб чым былі паведамленыя замежныя дзяржавы.
Рада БНР магла працаваць да сьнежня 1918 году, а калі бальшавікі ізноў занялі Менск, – выехала ў Горадню і Вільню, дзе і працягвала сваю працу. Пазьней яна змушаная была выехаць за межы.
Так прайшоў 1919 год і большая частка 1920 году. На беларускіх землях паявіліся новыя гаспадары – палякі, якія тады змагаліся з бальшавікамі і адначасова рабавалі беларускае дабро і разбуралі беларускую зямлю.
У лістападзе 1920 году, калі слабыя польскія войскі адыходзілі ўсё далей і далей на захад, а бальшавікі занялі Менск і пагражалі Слуцку, у Слуцку выбухнула, як называюць, паўстаньне, хаця я не магу назваць такі чын паўстаньнем, бо то было народнае змаганьне за сваю Бацькаўшчыну.
Трэба ведаць, што здаўна Случчына адыгрывала выдатную ролю ў жыцьці беларускага народу. Случчына заўсёды давала вялікую колькасьць інтэлігенцыі. Значная частка дэлегатаў 1-га Усебеларускага кангрэсу прыехала з Случчыны. На Случчыне ў тую пару пражывала болей за 300 афіцэраў усіх радоў аружжа і рангаў. Ад прапаршчыка да гэнерала ўключна. Ня мала знаходзілася і розных цывільных спэцыялістых. У Слуцку аж ад 1918 году існаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Камітэт трымаў цесную сувязь з Радаю Беларускае Народнае Рэспублікі і Беларускім Урадам.
Дзеля арганізацыі самаабароны ўтварылася народная міліцыя ў складзе да 500 чалавек зь беларускімі камандзірамі.
На жаль, у тую пару сярод кіраўнічых вярхоў Камітэту пачаў прыкмячацца развал. Утварыліся два кірункі: адзін – пад старшынством Паўлюкевіча, які стаяў за цеснае супрацоўніцтва з палякамі, а другі – незалежніцкі, з судзьдзём Пракулевічам на чале. Каб ня даць Паўлюкевічу разгарнуць сваёй работы па зьбліжэньню з палякамі, ініцыятарская група Незалежніцкага камітэту пастанавіла склікаць зьезд Случчыны.
На зьезд прыехала з 15-ці валасьцей і гораду Слуцку 107 дэлегатаў. Зьезд адкрыўся 14-га лістапада 1920 году ў багата прыбранай залі дому пана Вайніловіча. Зеляніна ў перамежку з нацыянальнымі белчырвона-белымі сьцягамі запаўняла залю і трыбуну. У прысутных панаваў сьвяточны, прыўзьняты і ўсхваляваны настрой.
Старшынёй зьезду абралі Васіля Русака, а за віцэ-старшыню – адваката Пракулевіча.
Пасьля адчыненьня Зьезду і прывітаньня сабраных дэлегатаў, з дазволу старшыні Зьезду, узыйшоў на трыбуну малады чалавек у чорным паліто і з белым шалікам на шыі, дастаў з левай бакавой кішэні паліто складзеную паперу і сказаў, што ён, Паўла Жаўрыд, прыехаў з замежжа і прызначаны эміграцыйным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі камісарам на Случчыну. Тут жа ён зачытаў дэкрэт аб сваім прызначэньні камісарам.
Гучныя воплескі ўсёй залі былі адказам Паўлу Жаўрыду. Гэтыя воплескі разам з тым былі выяўленьнем падпарадкаванасьці ўраду БНР.
На Зьезьдзе выступала да 10 дэлегатаў з прамовамі. Апрача старшыні В. Русака прамаўлялі: кап. Анцыповіч, кап. Самусевіч, Юліян Сасноўскі, Г. Грынько і іншыя. Усе прамоўцы зь вялікім уздымам выказваліся, што Случчына не прызнае ніякае чужое ўлады на сваёй зямлі, а толькі тую ўладу, якая абрана самім Беларускім Народам.
Дзеля таго, што час быў надта трывожны і кажная мінута была дарагою Зьезду, Зьезд працягваўся ўсяго адзін дзень[2], і за гэты дзень пасьпеў выбраць так званую Раду Случчыны. Рада Случчыны складалася з 17-ці асобаў і пераняла ўсю ўладу на Случчыне. Старшынёй Рады абралі Пракулевіча, а сябрамі Васіля Русака, Івана Біруковіча, Аляксея Кабычкіна, Юліяна Сасноўскага, Грыгора Грынько, кап. Анцыповіча, Паўла Баня і іншых.
Зьезд вынес наступную рэзалюцыю:
“Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны. Зьезд катэгарычна пратэстуе супроць заняцьця нашае Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванымі савецкімі ўладамі.
Хай жыве Вольная, Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!”
Адначасна ўхвалена было неадкладна прыступіць да падрыхтоўкі збройнага змаганьня. Таму ў той жа вечар некалькі чалавек з дэлегатаў Зьезду выехалі па вёсках у воласьці Грозаўскую, Грэскую, Цараўскую, Раманаўскую, Чапліцкую, Быстрыцкую, Старобінскую, Вызьнянскую, Копыльскую, Цімкавіцкую, а таксама і ў іншыя суседнія воласьці.
Праз колькі дзён Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой гаварылася:
“У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны – Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб асноўных дамаганьнях беларускага сялянства: 1) Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах. 2) Абвяшчаючы аб гэтым і зьўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў. 3) У выпадку патрэбы Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага.
Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!”
Рэзалюцыя Слуцкага Зьезду і дэклярацыя Слуцкай Рады былі запраўдным клічам падымацца на народнае змаганьне за права і волю народу на ўласнай зямлі, бо вораг ужо зьбіраўся паняволіць нашую цудоўную, багатую, каханую Случчыну.
Кліч адгукнуўся моцным рэхам. Усюды па вёсках і мястэчках утвараліся нацыянальныя камітэты, якія дапамагалі Радзе тварыць збройную сілу.
Асноўным ядром гэтае збройнае сілы зьявілася беларуская міліцыя. Да яе гарнуліся ўсе, каму была дарагою Случчына.
Тады паўстала пытаньне перад Радай, каму даручыць лёс людзей, што ўзялі зброю ў рукі. На становішча камандзіра прабавалі запрасіць капітана Гэн. Штабу Паверзака і аднаго генэрала-беларуса, пражываўшага тады ў Слуцку. І той, і другі адмовіліся, матывуючы сваю адмову каротка: – “Вас мала!”
Падобныя ж заўвагі можна было пачуць і ад некаторых сялян і ад інтэлігенцыі. Нават, памятаю, мой родны бацька сказаў мне: “Сыне, куды ты йдзеш? Вас мала, і вы нічога ня зробіце!”
Калі вышэй успомненыя афіцэры адмовіліся ўзяць на сябе камандаваньне, тады Рада Случчыны даручыла мне паехаць у в. Лютавічы Вызьнянскай воласьці і прывезьці ў Слуцак капітана Гэн. Штабу Паўла Чайку.
Я быў супроць назначэньня Чайкі камандзірам збройнае сілы, бо я ведаў гэтага чалавека. Мне прыйшлося ў пачатку 1919 году два месяцы працаваць у Слуцку пры Ваенным Камісарыяце ў характары павятовага інструктара па агульнаму ваеннаму навучаньню, а Чайка там жа, пры Камісарыяце, быў ваенным кіраўніком. У працы нам прыходзілася супрацоўнічаць разам, і я пазнаў Чайку як вялікага сымпатыка да савецкай улады. І калі я, па двух месяцах службы, запрапанаваў Чайку кідаць бальшавіцкі камісарыят і ўцякаць за мяжу, то ён адмовіўся і нават, як я пасьля даведаўся, дапамагаў ваеннаму камісару ў Слуцку, кату Лебедзю, мяне знайсьці ў маіх родных месцах, куды я накіраваўся з Слуцку.
Аднак, дзеля таго, што Рада настойліва загадала мне ехаць да Чайкі, я загад Рады выканаў. Чайка, хаця і зь вялікаю неахвотаю, а ўсё ж згадзіўся ехаць у Слуцак. Яму Рада і даручыла камандаваньне збройнаю сілаю.
Бальшавікі тады падыходзілі ўжо да Асіпавіч і Старых Дарог. У Слуцку заставацца было небясьпечна. Дастатковая абарона ня была яшчэ зарганізавана. Таму камандаваньне, у згодзе з Радаю, выдала загад 24-га лістапада 1920 году пакінуць Слуцак і адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, ды зьбірацца ў Семяжове.
Памятаю, перад вечарам пакідалі Слуцак. Кажны – з думкаю, ці вернемся калі назад.
Людзі ўсё прыбывалі. Быў створаны 1-ы Слуцкі полк пад камандаваньнем капітана Анцыповіча, а пасьля – капітана Семенюка. Праз колькі дзён зайшла патрэба стварыць другі – Грозаўскі полк, пад камандаваньнем палкоўніка Гаўрыловіча. Стрэльбаў усем не хапала, і значная частка людзей адыходзіла на захад без аружжа, што значна паніжала баёвую здольнасьць палкоў.
3 палкоў Слуцкага і Грозаўскага стварылася 1-я Слуцкая Брыгада.
Тым часам бальшавікі, заняўшы Слуцак, рынуліся усьлед за слуцкімі змагарамі і, як кажуць, ішлі па пятах.
У адлегласьці 35-40 км ад Слуцку 26-27 лістападу пачаліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі батальёнамі палкоў Слуцкае Брыгады.
Асабліва значныя баі адбыліся пры вёсках – Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Вызна, Лютавічы, м. Капыль, Морачы ды іншых. У гэтую самую гарачую пару камандуючы Слуцкаю Брыгадаю капітан Чайка здрадзіў і перайшоў на бок нашых ворагаў – бальшавікоў.
Тады Рада Случчыны, якая знаходзілася ў Семежове, выклікала капітана Сокала-Кутылоўскага і даручыла яму прыняць камандаваньне брыгадаю.
У паасобных баёх з чырвонымі часткамі браліся палонныя, адбіваліся назад населеныя пункты. Аднак адна брыгада, ды яшчэ слаба ўзброеная, хаця і з вялікім запалам змагалася, вымушаная была адыйсьці за раку Лань на лінію Мядзьведзічы – Сіняўка – Ляхавічы – Клецак, у тыя мясцовасьці, дзе стаялі палякі.
Бальшавіцкае войска далей не пайшло, бо перамовы бальшавікоў з палякамі ў Рызе закончыліся, і Беларусь была падзеленая.
Пасьля ўваходу міравой умовы палякаў з Масквою ў сілу, палякі, каб дагадзіць бальшавіком, абяззброілі Слуцкую Брыгаду. Афіцэраў і стральцоў інтэрнавалі ў Беластоку. Там, за дротам, слуцкія змагары праседзелі ад пачатку лютага да паловы красавіка, пасьля ўсіх іх перавезьлі у Дарагуск над Бугам, дзе знаходзіліся вялікія лягеры для ваеннапалонных з часу сусьветнае вайны. У гэтых лягерах усе афіцэры і жаўнеры прабылі да канца траўня 1921 году.
Нарэшце камандзіру брыгады ўдалося дастаць дазвол ад польскіх ваенных уладаў на права выдачы кажнаму афіцэру і стральцу дарожнага дакуманту на праезд яго да тае мясцовасьці, якую ён абраў у Польшчы. Усе разьехаліся ў розных напрамках. Так закончылася народнае змаганьне случакоў за сваю дарагую Бацькаўшчыну.
Па ўплыве колькіх гадоў працы ў польскіх паноў і жыдоўскіх прамыслоўцаў некаторыя з афіцэраў і стральцоў Слуцкае Брыгады ня вытрымалі зьдзекаў, тугі па родных палетках, разлукі з сям’ёй і, паверыўшы бальшавіком, што ўсім даруецца за збройнае змаганьне, пайшлі ў сваю родную Случчыну.
Спачатку ГПУ-НКВД не зачапіла іх, бо чакала, што за імі прыдуць іхныя сябры ў большай колькасьці. Аднак праз 7-8 месяцаў усіх вярнуўшыхся арыштавалі і судзілі іх як выступаўшых з аружжам у руках супроць савецкай улады ды павысылалі на 10 год у Караганду, Салаўкі, Калыму, Беламорскі Канал і іншыя месцы, адкуль павароту ўжо няма. Там усе яны і закончылі сваё жыцьцё.
3 афіцэраў у гэткі спосаб загінулі: падпалкоўнік Гаўрыловіч і паручык Багушэвіч. Шмат загінула і даверлівых стральцоў.
Кап. Анцыповіч і Самусевіч былі неафіцыйна выданы палякамі бальшавіком і пасьля зьдзекаў і катаваньняў расстраляныя.
Паручык Бранявіцкі забіты падасланымі ў Польшчу агентамі НКВД. Паручык Кернажыцкі і Янушэнка арыштаваны НКВД і засланы ў Сібір на цяжкія прымусовыя работы ў 1939 г.
Прапаршчык Рудзік, паводле чутак, расстраляны бальшавікамі ў 1940 годзе.
Сябра Рады Случчыны, Юліян Сасноўскі, адзін з актыўных дзеячоў, ня вытрымаў зьдзекаў з боку польскае адміністрацыі і скончыў жыцьцё самагубствам.
А колькі загінула афіцэраў, падафіцэраў і стральцоў, аб якіх ня маем дакладных дадзеных!
Паўстаюць пытаньні: ці не дарэмна была пралітая кроў шчырых сыноў Беларусі? Ці варта было брацца за аружжа і весьці змаганьне, калі “нас было мала”?
He, не дарэмнымі былі ахвяры! Праўда, мы сьцяклі крывёю, выплакана нямала сьлёз тымі, хто страціў бацьку, мужа, брата, жаніха, але затое аб збройным змаганьні Случчыны даведаліся шмат якія народы за межамі. Тыя народы, якія часта нават ня чулі, што ёсьць такі беларускі народ, даведаліся, што гэты народ ня толькі існуе, але што ён жыцьцё сваё здольны аддаць за Бацькаўшчыну, што ён імкнецца да свайго самастойнага існаваньня і нават сілаю аружжа здольны дабівацца права гаспадарыць на ўласнай зямлі самастойна.
Тутака мушу паясьніць, што Слуцкая Брыгада зьяўлялася не якой-небудзь бандаю, а гэта была сапраўдная вайсковая адзінка, якая налічвала да 10 000 жаўнераў.
1-шы Слуцкі полк меў нават палкавы сьцяг надзвычай мастацкага выкананьня. Яго ахвяравалі палку беларускія жанчыны-патрыёткі. Сьцяг быў залацістага колеру, 2 мэтры ўдаўжкі і 1 мэтар ушыркі. Па-сярэдзіне выкананая ў нацыянальных фарбах “Пагоня” каля 45 см у дыямэтры, а навокал надпіс: “1-шы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі”.
Сьцяг, як вайсковую і нацыянальную святыню, случчакі мелі з сабою падчас прабываньня за дротам, а калі разьяжджаліся з Дарагуску, сьцяг забраў я і перахоўваў аж да 1931 году, калі падчас вобыску польскае паліцыі сьцяг быў знойдзены і забраны, а мяне пацягнулі да адказнасьці.
Успамінаючы гадавіну Слуцкага змаганьня, ня лішнім будзе правесьці аналёгію паміж 1920 і 1944 гадамі. Тады шмат хто адмовіўся прыняць удзел у змаганьні, кажучы, што “вас мала”, а ў сапраўднасьці не хацеў ісьці на змаганьне, бо меў цеплы куток і аладкі, тлуста памазаныя.
Цяпер мы на чужой зямлі. Бацькаўшчыну страцілі. Кажны з нас жадае чым хутчэй вярнуцца дахаты, але ж трэба некаму гэтую нашу Бацькаўшчыну вызваліць ад бальшавікоў.
Мы не павінны быць дзецьмі, не павінны верыць, што нехта прагоніць з нашае зямлі бальшавікоў і нам яе аддасьць.
Ня час сёньня разважаць: ці нас шмат, ці мала? Ці маем мы добрыя ўмовы жыцьця, ці не? <…> Трэба не забывацца, што калі ня будзе зьнішчаны бальшавізм, то мы ніколі ня ўбачым свае дарагое Бацькаўшчыны.
Жыве Беларусь!
Капітан Сокал-Кутылоўскі.
[1] Іншыя крыніцы падаюць розныя лічбы колькасьці дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд 1917 г.
[2] Аўтар памыляецца: З’езд працягваўся два дні
Даведка: 16.XII.1944
1. Улетку 1921 году я зьвярнуўся да Пінска-Наваградскага Япіскапа Панцеляймана, пражываючага тады ў Навагрудку, з просьбаю прыняць у Наваградскі Сабор на перахаваньне сьцяга 1 [-га] Слуцкага палка. Япіскап Панцялейман мне ў гэтым адмовіў.
2. Увесь архіў Слуцкае Брыгады ў ліпені м-цы 1921 г. я адвёз у Вільню і перадаў Тарашкевічу Браніславу. Так зрабіць мне параіў Маёр Якубецкі Андрэй, Старшыня Бел. Вайск. Камісіі.
Кап. Сокал-Кутылоўскі.
Друкуецца з дакумэнтальных збораў архіву Беларускага Інстытуту НавукііМастацтваўНью-Ёрку. Аўтпэнтп., маш. (зрук. дадатпкам). На 1-й с. маецца пячатка Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР: “Атрымана дня 7.12.1944. №2010”. Апубл.: Зважай (Таронта).
1989. Лістапад